Рымашэўскі ў Салігорску: мы будзем патрабаваць адстаўкі салігорскіх уладаў

11 лістапада 2015 14:55  |  Галоўныя навіны

Рымашэўскі ў Салігорску: мы будзем патрабаваць адстаўкі салігорскіх уладаў

Хрысціянскія дэмакраты ў Менску прапанавалі аб’яднаць усе грамадскія ініцыятывы, якія змагаюцца супраць ушчыльнення гарадоў і за права грамадзян Беларусі жыць у камфортных гарадскіх умовах. І цяпер да кампаніі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі супраць ушчыльнення далучаюцца рэгіянальныя гарады.

10 лістапада сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, каардынатар кампаніі Вольга Кавалькова і рэгіянальны кіраўнік аргкамітэту БХД Уладзімір Шыла правялі шэраг сустрэчаў з актывістамі і кіраўнікамі ініцыятыўных груп Салігорска, якія змагаюцца супраць ушчыльнення і знішчэння месцаў адпачынку жыхароў гораду. Яны таксама перадалі ў Салігорскі райвыканкам зварот з патрабаваннем перагледзець рашэнне аб будаўніцтве дамоў на ўсіх праблемных участках гораду.

“Мы сустрэліся з ініцыятывамі ў адказ на іх запрашэнне. На гэтым тыдні яны атрымалі адказ з Мінаблвыканкаму, які выдаў адмову на просьбу не ўшчыльняць горад. Мы дамовіліся аб каардынацыі працы з іншымі ініцыятывамі ў іншых гарадах, будзем працягваць кампанію за права грамадзян самім вырашаць, якія аб’екты мусяць будавацца побач з іх дамамі”, – адзначыла Вольга Кавалькова.

“Кіраўніцтва Салігорскага райвыканкаму па сутнасці ігнаруе меркаванні жыхароў Салігорску. Калі да голасу салігарчанаў улада не прыслухаецца, мы будзем патрабаваць адстаўкі старшыні Салігорскага райвыканкаму Аляксандра Рымашэўскага. Кожны чыноўнік мусіць ведаць, што ён перадусім мусіць служыць людзям і падпарадкоўвацца патрабаванням жыхароў гораду”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.

“Па ўсёй краіне праблемы ў людзей адныя і тыя ж. Мясцовыя чыноўнікі нажываюцца за кошт грамадзян, парушаюць усе магчымыя нормы горадабудаўніцтва з адной толькі мэтай атрымання прыбытку. У Салігорску мы пабачылі жахлівыя рэчы, калі дамы будуюцца на школьных стадыёнах, шматпавярховыя дамы – непадалёк ад шахтавых распрацовак, дзе прасядае зямля. Гэта не толькі парушае нормы горадабудаўніцтва, але і пазбаўляе жыхароў умоў для адпачынку і занятку спортам. Таксама гэтае шматпавярховае будаўніцтва можа стварыць небяспеку жыццям людзей у горадзе, вакол як вядуцца шахтавыя распрацоўкі”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

Паводле яго, паколькі праблемы ва ўсіх гарадах аднолькавыя – чыноўнікі ігнаруюць грамадзян, таму хрысціянскія дэмакраты прапануюць аб’яднаць усе ініцыятывы пад супольнымі патрабаваннямі да ўладаў. “У Салігорску мы бачылі вельмі дарагія катэджы чыноўнікаў з вертыкалі, якія яны пабудавалі на вялікіх абшарах. У той жа час людзі, якія жывуць у панэльных дамах, сутыкаюцца з праблемамі ўшчыльнення”, – дадаў ён.

“Нягледзячы на неспрыяльны клімат у дзяржаве, калі прыдаўленыя ўсе, хто можа варушыцца, людзі не губляць надзею. Таму мы пакуль не здаемся, хаця адусюль атрымліваем адпіскі, і на заўвагі пра канкрэтныя парушэнні нормаў будаўніцтва прыходзяць адказы, што ўсё нармальна. Ушчыльненне стала агульнабеларускай бядой. І гэта адваротны бок унікальнай беларускай эканомікі, бо тут бачна, што мы вельмі бедная краіна і дзяржава не можа прапанаваць людзям высокіх стандартаў у жыллёвай палітыцы. Толькі эканомія, эканомія і эканомія”, – заключыў Уладзімір Шыла.

Болей навін