Прытулак для бяздомных у Аляксандраўцы ўсё ж не ліквідуюць?

24 лістапада 2015 08:08  |  Палітыка

Прытулак для бяздомных у Аляксандраўцы ўсё ж не ліквідуюць?

Адбылася сустрэча кіраўніка дабрачыннага прытулку ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна Аляксея Шчадрова з мясцовымі ўладамі, якія мелі намер закрыць установу. Падчас сустрэчы высветлілася, што чыноўнікі не маюць вялікіх прэтэнзіяў ні да кіраўніка прытулку, ні да ўмоваў утрымання людзей, што там знаходзяцца.

Аляксей Шчадроў атрымаў некалькі дробных заўвагаў і абяцанні супрацы з сацыяльнымі службамі Шчучынскага раёна, што на яго думку дапаможа ўтрымліваць прытулак у належным стане:

— Нам дапамагае многа людзей добрай волі. Прыязджаюць з Менскага касцёла, грэка-каталікі дапамагаюць. Вельмі добра дапамагае пробашч лідскага касцёла, ксёндз Уладзімір. Калі ў нас не было вопраткі мы звярнуліся і ён нам даў гуманітарку. Многа пасцельнай бялізны і адзення. «Caritas» таксама дапамагае. У Менску ёсць лютэранская царква, якая падтрымлівае нас.

За чатыры гады існавання прытулку ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна, ягонымі наведвальнікамі і пастаяльцамі былі амаль 180 чалавек. Некалькі разоў мясцовыя ўлады, супольна з супрацоўнікамі міліцыі, спрабавалі закрыць установу, а супраць Аляксея Шчадрова была ўзбуджана крымінальная справа.

Сёння ў прытулку знаходзіцца каля 10 чалавек без пастаяннага месца жыхарства.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Болей навін