Пасля звароту дэпутата ад БХД грошы на рамонт дарог з’явіліся за паўдні

06 снежня 2015 15:44  |  Грамадства

Пасля звароту дэпутата ад БХД грошы на рамонт дарог з’явіліся за паўдні

У Бярозаўскім раёне ў вёсках выбарчай акругі адзінага дэмакратычнага дэпутата Беларусі, сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Валера Білібухі дарогі былі цалкам разбітыя. “Яма на яміне. Да чыгуначнага прыпынку на аўтамабілі было не праехаць”, – кажа ён.

Паводле яго, дарогі не грэйдзіравалі з чэрвеня. Хаця паводле нарматываў рабіць гэта трэба не радзей чым раз у квартал. Зварот дэпутата да старшыні сельсавету з просьбай прагрэйдзіраваць дарогі да дажджоў вынікаў не давалі. Па словах старшыні, на гэта няма сродкаў. “Я яму паабяцаў, што знайду сродкі. Дзе нашыя сродкі? На што мы плацім шалёныя падаткі? Куды яны ўходзяць?” – падкрэсліў сябар БХД.

Пасля няўдач у сельсавеце Валер Білібуха напісаў заяву на імя старшыні райвыканкаму, у якой апісаў праблемы выбаршчыкаў, і сабраў у яе падтрымку 34 подпісы вяскоўцаў. Заяву ён даслаў у райвыканкам заказным лістом 4 снежня, а ўжо 5-га былі прысланыя два грэйдары і ўсе дарогі былі прыведзеныя ў належны выгляд. Прычым былі ўпарадкаваныя дарогі нават у тых вёсках, да якіх не мае дачынення дэпутат ад БХД.

“Знайшліся сродкі за ноч літаральна! За ноч! Яшчэ ўчора супрацоўнікі дарожнай службы казалі, што ў іх у суботу выходны, а раніцай іх экстранна выклікалі на працу на грэйдзіраванне дарог. Ніхто апроч мяне гэтым не займаецца. Ёсць дэпутаты і вышэй за мяне, але ім гэта нецікава”, – дадаў Валер Білібуха.

Болей навін