Таццяна Севярынец. Гульня ў словы ад Чалавека года Віцебшчыны

09 снежня 2015 10:20  |  Блог Таццяны Севярынец

Таццяна Севярынец. Гульня ў словы ад Чалавека года Віцебшчыны

Інакш адказ на электронны зварот па стане якасці медыцынскага абслугоўвання ў Віцебску ад Чалавека году, галоўнага гарадскога ўрача С.І. Цітовіча не назавеш (Дарэчы, кампанія “ За якасную медыцыну ў Віцебску для ўсіх”, назбіраўшы 1000 подпісаў пад калектыўным зваротам і прапановамі, пераходзіць у стадыю кантактавання з уладай. Такі парадак: спачатку пісьмова звяртаешся, табе адказваюць, калі не задавальняе адказ, запісваюць на прыём – раз на месяц – да якога высокага чыноўніка).

Мяркуйце самі: на пытанне аб скарачэнні бюджэту на патрэбы медыцыны на 30 адсоткаў Чалавек адказвае:

“Бюджэтнае фінансаванне на ахову здароўя г. Віцебска сфармавана на 2015 год у адпаведнасці з зацверджаным урадам Рэспублікі Беларусь нарматывам бюджэтнай забяспечанасці на аднаго жыхара і адпавядае даведзеным патрабаванням”…

На пытанне аб даўно пратэрмінаваным будаванні паліклінічнага комлексу ў Білева (з 2010) – калі пачнецца, адказ такі:

“У г. Віцебску будаўніцтва, рэканструкцыя, рамонт і абсталяванне… (прапушчу, бо нецікава) у адпаведнасці з Праграмай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя г. Віцебска і Віцебскага раёна на 2011-2015 гады, згодна з якой прадугледжваецца і фінансаванне аб’ектаў” – Бач ты, нават існуе Праграма, дык ёсць Праграма “Безбар’ерныя дарогі”, такім жа паспяховым чынам заваленая, спытайце ў раварыстаў, інвалідаў-калясачнікаў. А паліклінічны комплекс у Білева куды знік з тае Праграмы?

Далей ідзе хлусня: “..вядуцца працы ў тым ліку-будаўніцтва паліклінікі ў м-не Поўдзень-7А”. –Спынена 2 месяцы таму, Спы-не-на! – пра гэта і было трэцяе пытанне-чаму?

Наступнае пытанне тычылася недахопу вузкіх спецыялістаў, ды й дактароў агульнай практыкі:

Каб не цытаваць, то коратка з адказу вынікае: дактароў хапае! Забяспечанасць на 100, вузкіх спецыялістаў- на 98,9 (Ну-ну, 2 афтальмолагі на самую вялікую ў горадзе паліклініку—49 участкаў, уролага дык увогуле няма, плямы з прозвішчамі тэрапеўтаў (11) у раскладзе паліклінікі №3 зніклі, то так, але не зніклі яны ў дачыненні да пацыентаў, гадамі на некаторых участках дактароў няма. Адказвае Чалавек, што у 2015 годзе прыбыла маладых спецыялістаў: лекары – 36, сярэднія медыцынскія работнікі-44. –Між тым, ёсць сведчанні, што сярэдняга медыцынскага персаналу не хапае, вакансій аж 200-250(!?)

Па неахайнай працы рэгістратур –бла-бла-бла. Усё добра. Не, нядобра! Карткі губляюцца, талоны губляюцца, пацыента накіроўваюць не да таго спецыяліста, у кампутарах рэгістратура блытаецца.

Адказ на пытанне пра прыбіральні заняло ажно 2 абзацы: утрыманне іх адпавядае гігіенічным нормам, зацверджаным бла-бла-бла, знаходзіцца на пастаянным кантролі ў кіраўніцтва, адразу, як што, рэагуецца, выпраўляецца..—А не спрабаваў Чалавек году ціхенька прыйсці ў любую прыбіральню паліклінікі, напрыклад, №3? Ну, якія там унітазы? Паперка ёсць? А ручкі чым памыць і выцерці? А як вам пах? – Ой, што гэта за ануча тут? А гэты балон з-пад піва з нейкай вадкасцю што тут робіць, прычэплены да трубы? А бачок чаму на павадку? Знясуць? Гора ды й годзе!

З гонарам гучыць адказ на пытанне пра высокія кошты платных паслуг: “ Кошт на платныя паслугі ў ахове здароўя ў 2015 годзе падвысіўся на 12 адсоткаў, у адпаведнасці з дазволеным індэксам росту коштаў”. –А вось вам! Пенсіі падвысілі перад выбарамі на 5 адсоткаў, а тут –гуляй, Вася!

Было пытанне і пра карупцыю. Па Віцебшчыне, нагадаю, са студзеня па верасень бягучага году выкрыта 121 карупцыйная справа. З іх – 33 у галіне аховы здароўя. Прасілі ў звароце назваць імёны “героеў” гэтых 33-ох спраў.

Амаль шэптам піша Чалавек году: т-с-с, “Мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне дзеяння карупцыйных правапарушэнняў, а таксама правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі ва ўстановах, распрацаваныя і праводзяцца ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па папярэджанні карупцыйных парушэнняў у арганізацыях аховы здароўя г. Віцебска і Віцебскага раёна на 2015 год”. Усё-о-о.

Далей зноўку бадзёра і нецікава пра прафілактыку розных сур’ёзных захворванняў, пра лекі айчыннай вытворчасці, якіх заваліся.

Заключны акорд- сказ: “ У адпаведнасці з арт.20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011г. “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў” Вы маеце права абскардзіць РАШЭННЕ (выдзелена мной, бо рашэнняў НЯМА), прынятае па Вашым звароце, у вышэйстаячую арганізацыю.

І загагуліна подпісу спадара С.І. Цітовіча, Чалавека году Віцебшчыне– выявы па горадзе.

Дарэчы, і цэнтральная паліклініка, якую да ўсяго узначальвае сп. Цітовіч, –пераможца нейкага там спаборніцтва. Ці прымеце, сп. Станіслаў Іосіфавіч, мяне на абслугоўванне ў сваю цудоўную пераможную паліклініку? Можа, тады я не буду бачыць хібы і недахопы ў галіне аховы здароўя? Але ж, па праўдзе, рагатала я над Вашым адказам, прабачце ўжо.

Ну, да сустрэчы ў гарвыканкаме, ці ў гарсавеце, гэта куды ўдасца запісацца ды паўтарыць свае пытанні, бо яны засталіся. Ды й хочацца высветліць па рашэннях, а то з адказу, з першага-другога-трэцяга разу я так і не зразумела правілы Вашай гульні ў словы.

Болей навін