Урад для народа: медыцына павінна быць для чалавека, а не для дзяржавы

29 снежня 2015 08:00  |  Галоўныя навіны

Урад для народа: медыцына павінна быць для чалавека, а не для дзяржавы

У Менску на круглым стале эксперты і актывісты абмеркавалі шляхі развіцця сістэмы аховы здароўя ў Беларусі. Мерапрыемства адбылося ў рамках ініцыятывы “Урад для народа”, што праводзіцца Інстытутам развіцця і сацыяльнага рынку па замове Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

Альтэрнатыўныя прапановы рэфармавання медыцынскай сферы распрацаваны палітолагам і практыкуючым доктарам – рэаніматолагам Андрэям Вітушкам. У абмеркаванні дакумента прынялі ўдзел – Іван Шэга, доктар-траўматолаг і распрацоўшчык адной з альтэрнатыўных канцэпцый рэфармавання сістэмы аховы здароўя, Алена Шабуня, адна з каардынатараў кампаніі БХД “За паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання” ў Віцебску, медык і каардынатар БХД у Слоніме Іван Бедка, кіраўнік Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова, сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец і інш.

Распрацоўшчык альтэрнатыўнай канцэпцыі развіцця сферы аховы здароўя Андрэй Вітушка адзначыў, што медыцына павінна ў першую чаргу арыентавацца на патрэбы чалавека, а не дзяржавы.

Сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец падкрэсліў высокі ўзровень дыскусіі наконт накірункаў рэфармавання сістэмы аховы здароўя ў Беларусі: “Грунтоўны погляд на рэформу сістэмы аховы здароўя Андрэя Вітушкі і Івана Шэгі – якраз тая кардынальная прапанова, якую мае на мэце кампанія “Урад для народа”. Гэта людзі, якія могуць стаць сапраўдным маторам рэформы медыцыны”.

Адна з каардынатараў кампаніі БХД “За паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання” ў Віцебску Алена Шабуня адзначыла: “Сёння ў сферы медыцыны павінны адбыцца кардынальныя змены: кожны пацыент павінен мець магчымасць атрымаць своечасовую кваліфікаваную дапамогу доктара. У Віцебску, напрыклад, каб патрапіць да вузкага спецыяліста – акуліста, эндакрынолага, неўрапатолага – даводзіцца чакаць два ці нават больш месяцаў. Лічу, што праблемы не вырашаюцца галоўным чынам з-за абыякавага стаўлення гарадскіх і абласных чыноўнікаў, а таксама незацікаўленасці так званых дэпутатаў палаткі. Сярод віцебскіх прадстаўнікоў у парламенце – 6 дактароў. Мы ўжо некалькі гадоў праводзім кампанію за паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання і запрашаем далучацца да яе кожнага жыхара Віцебска. Віцебскія сем’і заслугоўваюць лепшай якасці медыцынскага абслугоўвання!”

Удзельнікі дыскусіі вырашылі працягнуць абмеркаванне напрамкаў рэфармавання сістэмы аховы здароўя ў наступным годзе. У тым ліку яны засведчылі гатоўнасць арганізаваць разнастайныя мерапрыемствы па гэтай тэматыцы з удзелам зацікаўленых асоб з розных грамадскіх і палітычных структур.

Запрашаем далучацца да абмеркавання альтэрнатыўнай Канцэпцыі рэфармавання сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь. Вы можаце дасылаць Вашыя прапановы на электронны адрас: [email protected]

Канцэпцыя развіцця сістэмы аховы здароўя – адзін з 10-ці ключавых праектаў рэформаў “Урад для народа” (сістэма правасуддзя, фінансы, культура, адукацыя, войска, інфармацыя, мэдыцына, ЖКГ, пенсійная сістэма, энэргетыка), мэта якіх – рашучыя перамены і абарона незалежнасці Беларусі.

Урад для народа: медыцына павінна быць для чалавека, а не для дзяржавы
Урад для народа: медыцына павінна быць для чалавека, а не для дзяржавы

Болей навін