100 = 99,5! 66,7 = 100!

04 студзеня 2016 08:47  |  Блог Таццяны Севярынец

Не верыце? Спытайце у Чалавека года Віцебшчыны, галоўнага доктара горада Станіслава Іосіфавіча Цітовіча. Яму, беднаму, прыходзіцца ўвесь час “аддувацца” за стан медыцыны ў горадзе: «На 01.12.2015 г. в учреждениях здравоохранения… работают 1089 врачей обеспеченность врачами составляет, укомплектованность – 99,5 проц.: кадровая ситуация по врачам первичного звена следующая: врачи терапевты участковые укомплектованность составляет 100 проц.- врачи общей практики укомплектованность составляет 100 проц.» ( стыль і сінтаксіс сп. Цітовіча).

У тым, што з арыфметычнымі дзействамі ў чыноўнікаў праблема, ведаем даўно: так, напрыклад, на пытанне, чаму скарочаны бюджэт на 30 адсоткаў на медыцыну, нам адказваюць, што, Божа збаў!, ніякага скарачэння не было (а па афіцыйных звестках—было!). Як следства, зноў прыпынена ўзноўленае ў 2015 годзе будаўніцтва паліклінікі на Поўдні- 7, што ў справаздачах пішыцца “будуецца”. Ну падумаеш, 100=99,5! У іх жа і 66,7 =100! Як хочуць, так і раўняюць!

На пытанне аб колькі разоў пратэрмінаваным будаўніцтве паліклінічнага комплексу ў м-не Білева, чыноўнікі разводзяць рукамі: “так атрымалася” (аўтар адказу – намеснік старшыні гарвыканкаму Падгурскі). І, дарэчы, у лісце сп. Цітовіча па Білеўскай паліклініцы ані слаўца! Прывід той славуты комплекс з іх абяцаннямі!

Прывіды мы ўсе! Хто хоча, каб медыцына ў Віцебску была якасная. Хто бегае з пытаннямі па кабінетах. Хто турбуе віцебскія ўлады сваімі электроннымі зваротамі. Хто хоча, каб іх дзеці хадзілі ў садок побач з домам. Хто хоча не хвалявацца, што дзіця даехала да школы – два апошнія жаданні – з Білева, дзе на 30000 маладога насельніцтва 2 дзіцячыя садкі, трэці распачаты і закінуты, 1 перапоўненая школа — усё прывіды! А што трэба зрабіць, каб прывіды не турбавалі? Правільна: ігнараваць, альбо прыдумаць сваю арыфметыку…

От каб і заробак гэтым чынушам стаў прывідам!

(нататкі з чарговага адказу С.І. Цітовіча ад 30.12.2015 г. на калектыўны зварот да Віцебскага гарсавету па пытаннях якасці медыцынскага абслугоўвання ад Таццяны Севярынец, каардынатара ініцыятывы “За якасную медыцыну для ўсіх”)

Болей навін