Віталь Рымашэўскі: Беларускі рэжым не прайшоў тэст на лібералізацыю

25 студзеня 2016 13:23  |  Палітыка

Віталь Рымашэўскі: Беларускі рэжым не прайшоў тэст на лібералізацыю

Адмова ў рэгістрацыі хрысціянскіх дэмакратаў па сутнасці азначае, што ў Беларусі ніякіх паслабленняў у галіне палітычных свабод і правоў не будзе. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, каментуючы нерэгістрацыю ўладамі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Хрысціянска-дэмакратычны рух”.

“Беларускі рэжым не прайшоў тэст на лібералізацыю. Улады разумеюць толькі пазіцыю сілы, і добраахвотна на ніякую лібералізацыю не пойдуць. Тая “адліга”, якую зараз назіраюць некаторыя аналітыкі і замежныя дыпламаты, зводзіцца выключна да менш жорсткіх рэпрэсій за вулічныя акцыі. Гэта найперш звязана з чаканнем крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду. Пасля таго, як гэты крэдыт будзе атрыманы, беларусам варта чакаць новай хвалі ціску і рэпрэсій з боку ўлады”, – дадаў ён.

“На фоне адсутнасці станоўчых змен у Беларусі канчатковае зняццё санкцый будзе выглядаць як параза палітыкі дэмакратычных краін у дачыненні да беларускага аўтарытарызму. Рэжым расцэніць гэта як капітуляцыю і як повад для далейшых рэпрэсій”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

Болей навін