Севярынец: уладам трэба насіць Касцёл на руках

03 лютага 2016 08:14  |  Палітыка

Севярынец: уладам трэба насіць Касцёл на руках

У сваіх ацэнках дзейнасці Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі і яго аддзелы выступаюць у найгоршых савецкіх традыцыях. Яны спрабуюць ўказваць, што рабіць Касцёлу, у той час як іх галоўная функцыя — максімальна садзейнічаць яго дзейнасці.

Такое меркаванне выказаў сустаршыня БХД Павал Севярынец карэспандэнту Krynica.info, каментуючы сённяшнія заявы упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гуляка аб Рымска-каталіцкай Царкве ў Беларусі, недастатковай падрыхтоўцы святароў і дэструктыўнай дзейнасці некаторых з іх.

Па словах Севярынца, Касцёл — вельмі дынамічная структура, якая адыгрывае важную ролю ў беларускім грамадстве і жыва адгукаецца на яго патрэбы. «Беларускім уладам трэба насіць Касцёл на руках», — сказаў ён. Тое ж самае, на яго думку, можна сказаць і пра стаўленне да Праваслаўнай Царквы. Што ж тычыцца Касцёла, то з боку ўладаў відавочна праява ціску на Рыма-каталіцкую Царкву. Чаму ідзе такі ціск на Касцёл і пра што канкрэтна ідзе гаворка ў падобных абвінавачаннях — пакуль цяжка зразумець, дадаў сустаршыня БХД.

Леанід Гуляка 2 лютым заявіў, у прыватнасці, што некаторыя замежныя святары слаба валодаюць навыкамі зносін на дзяржаўных мовах Беларусі, ксяндзы з Польшчы маюць неаднаразовыя адміністрацыйныя парушэнні, а «асобныя ксяндзы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь вядуць дэструктыўную працу сярод насельніцтва», перадае БЕЛТА. На яго думку, уладам трэба звяртаць на гэтыя праблемы больш пільную ўвагу і прымаць меры па іх недапушчэнні.

Болей навін