Віталь Рымашэўскі: знішчэнне ІП і абмежаванне імпарту не абароняць беларускую эканоміку

11 лютага 2016 13:49  |  Палітыка

Віталь Рымашэўскі: знішчэнне ІП і абмежаванне імпарту не абароняць беларускую эканоміку

Заявы кіраўніка «Беллегпраму» пра тое, што беларуская вопратка не саступае Hugo Boss і Armani, гучаць проста смешна. Адзінае, у чым беларуская сістэма абагнала краіны Еўропы, – у карумпаванасці і неэфектыўнасці. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» ВІталь Рымашэўскі.

Паводле яго, заявы і дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да ІП накіраваныя не на абарону айчыннай лёгкай прамысловасці, а на абарону карупцыйных схемаў, па якіх чынавенства і кіраўніцтва дзяржаўных прадпрыемстваў нажываецца і атрымлівае звышдаходы. «Не беларускія прадпрымальнікі ствараюць праблемы айчыннай прамысловасці, а неэфектыўная сістэма кіравання і татальная карупцыя», – падкрэсліў сустаршыня БХД.

«Знішчэнне прадпрымальнікаў, абмежаванне імпарту, інвестыцыі дзяржавы ў лёгкую прамысловасць і іншыя галіны гаспадаркі не абароняць беларускую эканоміку. Гэта толькі на кароткі час дазволіць падоўжыць крыніцы ўзбагачэння карумпаванай вярхушкі беларускай улады і чынавенства. Знішчэнне канкурэнцыі роўнае знішчэнню ўласнай прамысловасці. Гэта даўно вядома ўсяму свету. Дзеля выхаду з крызісу трэба даваць свабоду малому і сярэдняму бізнэсу, знішчаць карупцыйныя схемы. А пачынаць трэба са свабодных і сумленных выбараў, на якіх можна будзе абіраць падкантрольную грамадзянам Беларусі ўладу», – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін