Родная змова

24 лютага 2016 07:31  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

Родная змова

“Як у чалавека можа быць толькі адна Родная Маці, так і Мова Родная – толькі адна”… Хм, а ці не страшна казаць такое нам, беларусам?

Ці вы – адзін з той блаславёнай меньшасці, якая можа сцвярджаць, што беларуская мова была сапраўды матчынай, у сэнсе першай пачутай? Што на ёй вы вымавілі свае першыя словы? Ці – вы проста забыліся, што ўдзельнічаеца ў маўклівай агульнанацыянальнай змове, у выніку якой у нас у сацапытаннях дзіўным чынам атрымліваецца большасць беларускамоўных? У калектыўным выдаванні жаданага за дзейcнае – добра, што хоць жаданне сацыялагічна ўнушае аптымізм!

Першай мовай, якую я пачула, была руская. Што я канешне ж не скажу ні ў адным сацыялагічным апытанні, бо я, як большасць беларусаў, удзельнічаю ў змове. Але з імпэтам казаць, што руская мова мне не родная – будзе, напэўна, хлуснёй. Хаця і не стопрацэнтнай…

Беларуская мова для мяне – родная з нагодаў болей глыбокі, чымсі парадак засваення. Напрыклад, таму, што ні на якой іншай мне так не прыемна размаўляць і пісаць, ні з якой іншай я не адчуваю такой аўтэнтычнасці і эмацыйнай сусязі. І таму, што гэта карэнная мова беларускага народу.

Ды і маці ў некаторых не адна… Але ж будзьма працягваць удзел у роднай змове, заўжды сцвярджаючы: “Наша родная мова – беларуская! І так, менавіта на ёй мы размаўляем дома!”

Намагаючыся наблізіць дзейснае да жаданага.

Болей навін