Заява БХД: Палітыка Лукашэнкі вядзе Беларусь да эканамічнай катастрофы

29.02.2016, 11:48  |  Галоўныя навіны, Эканоміка

Заява БХД: Палітыка Лукашэнкі вядзе Беларусь да эканамічнай катастрофы
Беларусь спаўзае да эканамічнай катастрофы. Аб’ёмы вытворчасці няўхільна скарачаюцца, расце прыхаванае беспрацоўе. Курс беларускага рубля адносна асноўных сусветных валютаў з пачатку года рухнуў на 15% (больш чым на 40% за год).

На прадпрыемствах скарачаюць альбо ўвогуле не выплочваюць заробкі, змяншаюць працоўны час, склады стаяць затавараныя вырабленай прадукцыяй. Часта людзям выдаюць толькі частку заробленага альбо прадукцыю прадпрыемства ў якасці разліку. Тых, хто паведамляе пра падобныя факты ў СМІ, запалохваюць.

Беларускія прадпрымальнікі выходзяць на мітынгі пратэсту па ўсёй краіне: урад душыць дробны і сярэдні бізнэс новымі дэкрэтамі і паборамі.

Зарплаты людзей скарачаюцца як у рублях, так і ў доларавым эквіваленце. Інфляцыя, нават паводле афіцыйных дадзеных, стабільна перавашые 10%. Між тым, нягледзячы на збядненне народу, чыноўнікі падвышаюць тарыфы на камунальныя плацяжы, у шэрагу выпадкаў – у разы. Уводзяцца новыя падаткі і абмежаванні, якія не дазваляюць грамадзянам ашчаджаць і так нізкія даходы.

Відавочна, рэжым хоча аплаціць правалы сваёй эканамічнай палітыкі, пракрамлёўскай арыентацыі і адсутнасць сістэмных рэформаў з кішэняў людзей. Рэальныя эканамічныя рэформы ўлады падмяняюць указамі і дэкрэтамі.

Спробы заткнуць дзіры крэдытамі Расеі альбо МВФ толькі заганяюць Беларусь у яшчэ глыбейшую яму.

Аргкамітэт БХД патрабуе сыходу Аляксандра Лукашэнкі, чыя прарасейская і антынародная палітыка прывяла да перадынфарктнага стану эканомікі.

Беларускія хрысціянскія дэмакраты заклікаюць грамадзян Беларусі далучацца да акцыяў пратэсту з патрабаваннямі адстаўкі Лукашэнкі і правядзення свабодных і справядлівых выбараў.

Будучыня Беларусі – у дэмакратыі, пабудаванай на хрысціянскіх прынцыпах.

Навіны па тэме