Сабачае сэрца, альбо інтэрв’ю з Палканам-2

02 сакавіка 2016 08:33  |  Блог Таццяны Севярынец

Сабачае сэрца, альбо інтэрв’ю з Палканам-2

Я ўжо вас знаёміла з маім суседам Палканам. Нядаўна сустрэліся зноўку.

Ён вяртаўся са шпацыра, а я з нейкай установы. Паглядзеў на мяне ўважліва:

 Э, суседка, ваў, ты зноўку нечым заклапочана?
 Палканчык, даражэнькі, ну вось ты мне падкажы, што рабіць?
 В-ваў! А што на гэты раз цябе хвалюе?—Палкан падабраўся, яму спадабалася быць зоркай інтэрнэту.—Інтэрв’ю будзеш браць?
(Ведае хітраван, што потым атрымае ганарар цукровай косткай)
 Калі толькі ты даш згоду..(ой, файна, што ўгаворваць не трэба)
 Ну, вваў, кажы хутчэй!
 Ёсць у Віцебску прыют для бяздомных жывёлаў…
 На Старабабінічэскім тракце? Ведаю, а хто ў горадзе не ведае? Туды ж людзі ездзяць, дапамагаюць таму прыюту. Колькі ж костак туды вязуць!-Палкан прыжмурыўся, нават сліна з рота пацякла, слізнуў языком, дадаў:- Там жа катоў 30 штук з кацянятамі. І сабакаў ажно 120 ды й шчанюкоў 20. Як яны толькі ўжыва-ва-юцца? Я б не змог, ваў!-надыбіў поўсць Палкан.
 А што ж рабіць, Палкан? У цябе вунь цудоўная гападыня, нічога для цябе не шкадуе, сам хваліўся.
 То так, ваў, іх жа па ўсяму гораду назбіралі, чыі гаспадары павыкідалі на вуліцу. І мой знаёмы Чэсь там апынуўся. Шкада мне яго. Бывала, разам на шпацыр выходзілі. Так нам весела было! Як ўзгадаю, як ён там, без гападара у-у-у – на вочы Палкана навярнуліся слёзы: – Я гаспадара таго пар-р-р-ваў бы на шматкі. Як сустракаю, дык глядзець не магу, абавязкова насваруся, гаспадыня ледзь стрымлівае!
 Ну дык вось, Палкан, жылося ім у прыюце неблага: добрая галоўная дырэктарка Наталля Зубава ўсё рабіла, каб гэтым няшчасным было і цёпла, і вольна, і сытна. Але ж прыют належыць спецкамбінату, там начальнік Юры Глушко кажа, што грошаў горад дае вельмі мала, прыют трэба за-чы-няць.
 Як так? Ваў, р-р-р, ваў! А тых сабакаў ды шчанюкоў куды?-расперажываўся Палкан:–Ну, суседка, дрэнная навіна, ваў!
 То так, даражэнькі, і куды толькі не звяртаецца Наталля, куды толькі не піша—безвынікова. Прыюту патрэбныя грошы: заробкі трэба плаціць і Наталлі, і дзвум дактарам, і дзвум паварам, і шасці працоўным . Там гэтыя людзі вельмі патрэбныя. А чыноўнікі адпіхваюцца ды адмолчваюцца. Кінулі ўсяго толькі 54 мільёны, а трэба мінімум як 134: той жа газ, электрычнасць, лекі.. Вось і не ведаю, чым дапамагчы…
 У-у-у-у – завыў у роспачы Палкан.
 Ты ж разумееш, што калі проста ўсіх гэтых котак з кацянятамі ды сабакаў выкінуць на вуліцу, як ім прыйдзецца цяжка. Яны не даруюць людзям такога здрадніцтва, адзічэюць, будуць кідацца на людзей, гэта вялікая небяспека. І хоць усе яны ад шаленства прывітыя, а ўсё хварэць пачнуць. Дзе той доктар будзе? Ці проста ўсыпяць…

Палкан плакаў і выў. І я разам з ім. Адмовіўся ад смачнага ганарару, сказаў, што ахвяруе яго для тых няшчасных з прыюту, нават паабяцаў прынесці нешта і для котак…

Я ў задуменні ад яшчэ адной несправядлівасці пайшла дадому пакаваць нешта для небарэкаў, каб назаўтра адвезці ў прыют. У дзверы нехта пашкрабаў –Палкан! У зубах трымае паперку:”Ввось, напішы разліковы рахунак прыюту. Можа знойдуцца добрыя людзі, хто зможа дапамагчы, ваў!”

Ты ж мой добры сусед! Скаланулася тваё сэрца ад болю і жалю да братоў па крыві. Сабачае сэрца вернае, спачувальнае. А нашае, людзі?

Выконваю даручэнне Палкана. Ён вельмі спадзяецца, што мы свайму, чалавечаму, сэрцу не здрадзім і ўратуем прыют.

Реквизиты приюта:
Расчётный счёт: 313 241 061 3018 в Дирекции ОАО «Белинвестбанк» по Витебской области, код банка 739, УНП 300082155. Получатель платежа: ГП «Спецавтобаза г. Витебска». Назначение платежа: «На спасение животных».

PS Дарэчы, закрыццё прыюту дадасць праблемаў і медыцыне горада, з якой і так не ўсё добра.

Болей навін