Хрысціянская дэмакратыя ў сучаснай Беларусі: забараніць, нельга зарэгістраваць?

04 сакавіка 2016 08:15  |  Палітыка

Хрысціянская дэмакратыя ў сучаснай Беларусі: забараніць, нельга зарэгістраваць?

Хрысціянская дэмакратыя ў гісторыі Беларусі налічвае ўжо больш за 100 гадоў. Першая хрысціянска-дэмакратычная партыя на нашых землях – Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі на чале з віленскім біскупам Эдвардам Ропам, якая была заснаваная ў 1906 годзе, паспяхова ўдзельнічала ў выбарах, але неўзабаве была забароненая расійскімі ўладамі.

На змену ККПЛіБ у 1908 годзе прыйшла арганізацыя “Вызваленне”. У 1913 годзе пры падтрымцы княгіні Магдалены Радзівіл пачала выходзіць хрысціянска-дэмакратычная газета Biełarus. У 1915 годзе ўзнікла партыя Хрысціянская злучнасць на чале з князем Святаполк-Мірскім, баронам Шафанагелем, ксяндзамі Вінцэнтам Гадлеўскім і Аляксандрам Астрамовічам, гісторыкам Вацлавам Ластоўскім. У траўні 1918 года Ластоўскі заяўляў пра намер стварыць нацыянальна-клерыкальную партыю разам з князем Святаполк-Мірскім, ксяндзом Талочкам ды баронам Шафнагелем.

Але ж найбольш розгалас набыла партыя Хрысціянска-дэмакратычныя злучнасць, якая была заснаваная ў 1917 годзе будучым рэктарам Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі, Слугой Божым Фабіянам Абрантовічам пры ўдзеле святароў Адама Станкевіча, Вінцэнта Гадлеўскага і іншых. У 1927 годзе яна была рэарганізаваная ў Беларускую хрысціянскую дэмакратыю, якая праіснавала ў Заходняй Беларусі да прыходу бальшавікоў у 1939 годзе (у 1936 годзе яна была перайменаваная ў Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, з якога вылучыўся Беларускі народны фронт).

Шчыльныя сувязі з пераважна каталіцкай БХД мелі з праваслаўнага боку ўтвораны ў 1917 годзе Саюз беларускага праваслаўнага духавенства пры ўдзеле бацькі будучага мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка Льва Паеўскага, а таксама Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, якое ўзнікла ў 1927 годзе на чале з сенатарам Вячаславам Багдановічам, святаром Лукашам Голадам і іншымі.

З прыходам бальшавікоў, а потым і нацыстаў усялякая дзейнасць беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў спынілася на 50 гадоў. Асобныя арганізацыі дзейнічалі толькі за мяжой, як напрыклад хрысціянска-дэмакратычны прафсаюз Хрысціянскае аб’яднанне беларускіх работнікаў у Вялікабрытаніі, якое было заснаванае ў 1948 годзе.

З перабудовай і атрыманнем Беларуссю незалежнасці хрысціянска-дэмакратычны рух у Беларусі аднавіўся. З’явіліся такія партыі і арганізацыі, як Беларуская каталіцкая грамада (1990), Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць (1991), Беларуская хрысціянска-дэмакратычная партыя (1994), Беларуская нацыянальная партыя (1994), Хрысціянска-дэмакратычны выбар (1995), Беларускі хрысціянска-дэмакратычны саюз (1996), Малады Фронт (1996), Моладзевы хрысціянска-сацыяльны саюз «Маладыя Дэмакраты» (1997). Але ўсе яны былі пазбаўленыя рэгістрацыі міністэрствам юстыцыі Беларусі напрыканцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў. Многія іх сябры або далучыліся да іншых партый і арганізацый, або зусім адышлі ад палітычнай і грамадскай дзейнасці.

У 2005 годзе ўзнік аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, але ўсе яго спробы зарэгістравацца ці то ў якасці партыі, ці то грамадскай арганізацыі, нават на рэгіянальным узроўні, былі марнымі. У БХД заяўляюць, што рашэнне пра яе нерэгістрацыі палітычнае і прымаецца на самым верху дзяржавы. Характэрна, што ў 2011 годзе прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю The Washington Post, што хрысціянскія дэмакраты, якіх ён назваў “бандытамі”, у Беларусі ніколі не будуць зарэгістраваныя.

Krynica.info паспрабавала ўзгадаць спробы рэгістрацыі хрысціянскіх дэмакратаў у Беларусі за апошнія дзесяць гадоў. Усяго іх было 22, але мы адшукалі дакладныя даты ўстаноўчых з’ездаў ці сходаў 18-і:

7 траўня 2007 года Рэспубліканская грамадская арганізацыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”
12 красавіка 2008 года Сацыяльнае грамадскае аб’яднанне «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»
28 лютага 2009 года Партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”
31 кастрычніка 2009 года Партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”
22 траўня 2010 года Грамадская арганізацыя “Маладыя хрысціянскія дэмакраты”
12 верасня 2010 года Партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”
17 снежня 2011 года Партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”
27 кастрычніка 2012 года Грамадская арганізацыя «Хрысціянскія дэмакраты Віцебшчыны»
3 лістапада 2012 года Грамадская арганізацыя “Маладыя хрысціянскія дэмакраты”
18 лістапада 2012 года Грамадская арганізацыя “Хрысціянскія дэмакраты Магілёўшчыны”
6 лютага 2013 года Грамадскае аб’яднанне “Маладыя хрысціянскія дэмакраты Магілёва”
26 траўня 2013 года Грамадская арганізацыя “Хрысціянскія дэмакраты Магілёўшчыны”
8 чэрвеня 2013 года Грамадская арганізацыя “Берасцейскія хрысціянскія дэмакраты”
18 лістапада 2013 года Грамадская арганізацыя “Брэсцкія хрысціянскія дэмакраты”
4 кастрычніка 2014 года Грамадская арганізацыя “Хрысціянскія дэмакраты Міншчыны”
13 чэрвеня 2015 года Партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”
14 лістапада 2015 года Рэспубліканская грамадская арганізацыя “Хрысціянска-дэмакратычны рух”
12 снежня 2015 года Партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”

Зараз беларускія хадэкі спрабуюць зарэгістраваць праз суд РГА “Хрысціянска-дэмакратычны рух”. 2 сакавіка Мінюст паведаміў пра адмову ў рэгістрацыі партыі. Аргкамітэт БХД таксама плануе падаваць скаргу на гэта ў Вярхоўны суд. Наколькі рэальная сёння рэгістрацыя хрысціянскіх дэмакратаў, мы папрасілі пракаментаваць лідара РГА ХДР, кіраўніка мінскай БХД Вольгу Кавалькову:

“Мы лічым, што адмовы Мінюста ў рэгістрацыі ХДР і БХД незаконныя, бо ў краіне існуюць двайныя стандарты, калі пры рэгістрацыі адной арганізацыі ўжываецца адно заканадаўства, а да іншых ўжываецца іншае. Зразумела, што і Мінюст, і суд прымаюць палітычна матываванае рашэнне. Бачна, што ўлады не хочуць бачыць у Беларусі арганізацый, якія могуць прадстаўляць інтарэсы і правы грамадзян”.

Максім Гацак, Krynica.info

Болей навін