У Віцебску ў новых мікрараёнах Білева жыхары пасадзілі маладыя дрэвы ля сваіх дамоў

12.04.2016, 12:10  |  Навіны » Грамадства

У Віцебску ў новых мікрараёнах Білева жыхары пасадзілі маладыя дрэвы ля сваіх дамоў
У Віцебску жыхары новых мікрараёнаў Білева-1 і Білева-3 па ініцыятыве актывістаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таццяны Севярынец і Алёны Шабуня пасадзілі больш за 20 маладых дрэў ля сваіх дамоў. Гэтыя мікрараёны адбудаваліся нядаўна і тут амаль няма зялёных насаджэнняў.

Некалькі год таму ўздоўж дарогі былі высаджаныя туі, але многія з іх не прыжыліся. Відаць, што гэта быў не самы правільны выбар, лічаць месцічы. Калі б пасадзілі ў той час бярозы ці ліпы, то яны лягчэй бы прыжыліся, паведамляе Vitebskby.com.

Жыхары Білева разумеюць, што дрэвы не толькі ўпрыгожваюць двары, а і ачышчаюць паветра. А чыстае паветра, насычанае кіслародам, станоўча ўплывае на здароўе. Сёння пра гэта ім трэба памятаць асабліва і самім клапаціцца пра сябе, бо трапіць да доктара жыхарам новых мікрараёнаў вельмі складана: да вузкіх спецыялістаў даводзіцца чакаць чаргі месяц і больш. А, напрыклад, УЗД шчытавіднай залозы бясплатна прызначаецца ўжо толькі на 2017 год, а аналіз крыві бясплатна на гармоны аж на паўгады. І пры гэтым віцебскія чыноўнікі распавядаюць, што стан медыцынскага абслугоўвання ў абласным цэнтры на самым высокім узроўні, нават лепш, чым у Мінску.

Навіны па тэме