Таццяна Севярынец: людзі зразумелі, што маюць права

14 красавіка 2016 09:19  |  Грамадства

Таццяна Севярынец: людзі зразумелі, што маюць права

Адна з мэтаў каманды каардынатара БХД па Віцебскай вобласці Таццяны Севярынец, што працуе па Віцебскай Чкалаўскай выбарчай акрузе – абуджэнне грамадскай актыўнасці.

Падчас чацвёртага этапу кампаніі “За якасную медыцыну ў Віцебску для ўсіх” сябры каманды Таццяны Севярынец сустракаюцца з людзьмі і часцяком чуюць пра праблемы, якія хвалююць жыхароў мікрараёна Білева ў Віцебску. “Гэта і неякасна пабудаваныя дамы, і складаныя адносіны са старшынямі, і адсутнасць азелянення, і, зразумела, галоўныя – паліклініка, дзіцячыя садкі і школы. Ёсць сярод іх і тыя праблемы, якія жыхары ўзяліся вырашаць сваімі сіламі”, – адзначыла ў каментары прэс-службе БХД каардынатар.

Так, зручны пераход на вуліцы актораў Яроменкаў будзе патрабаваць каманда Сяргея Драздова, а каманда Анжалікі Казлоўскай спадзяецца палепшыць рух аўтобусаў №33, 38 ды паскорыць будаўніцтва дарогі з мікрараёна да праспекту Будаўнікоў, што значна палепшыла б сувязь Білева з горадам.

“Людзі зразумелі, што маюць права патрабаваць ад улады паляпшэння ўмоў жыцця. І гэта не першыя прыклады абуджэння грамадскай свядомасці з падачы актывістаў БХД. А актывісты суправаджаюць мясцовыя ініцыятывы: дапамагаюць складаць звароты, навучаюць збіраць подпісы, даюць адрэсы ўстаноў ды юрыдычныя парады”, – падкрэсліла Таццяна Севярынец.

Болей навін