Павел Севярынец: Давядзецца сціснуцца ўсім, акрамя «вяршаліны»

25 красавіка 2016 09:27  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: Давядзецца сціснуцца ўсім, акрамя «вяршаліны»

У «пасланні» да народа 21 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «ў гэтым годзе давядзецца абмежаваць сябе ўсім».

– Лукашэнку наогул цяжка каментаваць. За 22 гады мы прывыклі, што ў нас кожны дзень нейкія навіны, кожны дзень мы не ведаем плакаць ці смяяцца, і смех і грэх – каментар тут толькі адзін, – заявіў у інтэрв’ю charter97.org сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. – Замест таго, каб адбудоўваць нармальную краіну на падставе закона, рэжым спрабуе перахапіць крэдытаў, перажыць дзень і ноч пратрымацца.

– Лукашэнка асаблівую надзею ўскладае на крэдытныя лініі Кітая, а таксама заявіў, што «хаўрусніцай і стратэгічным партнёрам Беларусі была і застаецца Расея»…

– Проста няма слоў каментаваць тое, што Лукашэнка звярнуўся да Расеі і Кітаю. Уся логіка падзей падказвае, што цяпер трэба размаўляць з цывілізаванымі краінамі, са светам, які жыве паводле закону. Лукашэнка ж ідзе да камуністычнага Кітаю і Расеі, якая сёння проста шалее на вачах.

«Ніякай беларусізацыі ў нас няма, хай будзе русіфікацыя», – кажа Лукашэнка адкрытым тэкстам.

Кітайцам прапануе зямлю як быццам гэта ягоная ўласнасць. Прапануе ствараць «Чайна-Таўн». Хоць ва ўсім свеце вядома, што гэта азначае проста адарваць кавалак сваёй краіны і аддаць паднябеснай імперыі. Цяжка каментаваць, проста часам не хапае слоў – адны эмоцыі, як той казаў.

– У сваім «пасланні» Лукашэнка прыстаршыў бізнэсоўцаў новымі арыштамі…

– Вось тут, дарэчы, прасочваецца паслядоўная лінія палітыкі Лукашэнкі. Ён выкарыстоўвае страх, як самы эфектыўны спосаб кіравання. Улада гэтага рэжыму заснаваная на страху: бізнэсоўцы будуць баяцца, будуць аддаваць грошы, будуць гуляць паводле правілаў, а менавіта «паводле паняццяў», якія прапануе рэжым.

Гэта пасланне адназначнае, і думаю, што ўсім людзям, якія займаюцца, альбо плануюць заняцца бізнэсам у Беларусі, трэба зразумець раз і назаўсёды: пры гэтым рэжыме нармальных умоваў для бізнэсу не будзе.

Будзе сталы страх наручнікаў, страх, што пасадзяць у турму. Улады прымушаюць працаваць фактычна без правілаў, або паводле правілаў, якія не даюць магчымасці атрымаць прыбытак. Гэта значыць, прымушаюць працаваць паводле шэрых схемаў, ухіляцца ад падаткаў, а потым на гэтым ловяць і выбраных абскубваюць.

Гэта бандыцкая схема вядзення бізнэсу, цывілізаваныя краіны на гэта перахварэлі хто 200, хто 300 гадоў таму. І ўжо даўно навучыліся на сваіх памылках. У Беларусі, на жаль, гэта асноўны прынцып вядзення бізнэсу. Быў бы чалавек, а справа знойдзецца. Гэта не бізнэс, а ўзаконенае рабаванне з боку дзяржавы.

– Дыктатар заявіў, што ў гэтым годзе давядзецца абмежаваць сябе ўсім…

– Давядзецца сціснуцца ўсім, акрамя «вяршаліны». Таму што прыкметаў, што ўціскаюцца чыноўнікі, не відаць. Наадварот: тэндэры, шыкоўныя аўто, новыя дзверы, акультурванне тэрыторый вакол аблвыканкамаў і міністэрстваў, а астатняя краіна фінансуецца паводле рэшткавага прынцыпу.

Болей навін