Таццяна Севярынец: “Рускі свет” дзейнічае пад прыкрыццём уладаў

18 мая 2016 10:00  |  Галоўныя навіны

Таццяна Севярынец: “Рускі свет” дзейнічае пад прыкрыццём уладаў“Рускі свет” у Беларусі дзейнічае пад прыкрыццём беларускіх уладаў. Так лічыць каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ў Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.

Актывістка яшчэ ў ліпені 2015 года накіравала калектыўны зварот жыхароў вобласці ў абласную пракуратуру наконт дзейнасці арганізацый “Рускага свету”, пераследуючых экстрэмісцкія мэты, прывяла спасылкі на матэрыялы-справаздачы на іх сайтах. Але пракуратура адмахнулася, перанакіраваўшы зварот галоўнаму ўпраўленню юстыцыі, упраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленню адукацыі, камісіі па справах няпоўнагадовых. З іх адказала толькі галоўнае ўпраўленне юстыцыі.

Згодна з адказам, Віцебскае грамадскае аб’яднанне “Рускі дом” і Віцебская гарадская грамадская арганізацыя “Рускі культурны цэнтр “Русь” не праводзілі спартыўныя ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы з падлеткамі і не прымалі ўдзелу ў адпаведных мерапрыемствах на тэрыторыі вобласці, а “Ваенна-патрыятычнае брацтва сяброў спецназа “Рысь” пры храме Праабражэння Гасподняга (Лепельскі раён), “Праваслаўны казачы ваенна-патрыятычны клуб у імя арханёла Міхаіла” пры прыходзе храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў Друцку (Талачынскі раён), “Праваслаўны казачы ваенна-патрыятычны клуб у імя Міхала Арханёла” пры прыходзе храма Святой велікамучаніцы Ірыны Віцебска дзейнасці не ажыццяўлялі. І гэта пры тым, што кіраўнік клуба Таццяна Гаўрыліна правяла мерапрыемства па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў школы №19 Оршы, падчас якога адзначыла дзяцей-членаў клуба значкамі. “Пра тое, што ўсё праводзілася пад рускімі сцягамі і значкі таксама з рускай сімволікай, упраўленне замоўчвае, хаця ў звароце на гэта ўказвалася”, – адзначае Таццяна Севярынец.

Увогуле ж, паводле першага намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Марыны Быкавай, на тэрыторыі Полацкага, Пастаўскага раёнаў навучальных ваенна-патрыятычных збораў для падлеткаў з удзелам казачых арганізацый у 2013-2015 гадах не праводзілася. Таксама ў звароце прыводзілася спасылка на артыкул Алы Брэнь “Почему в в Беларуси нет безработицы и революции”, дзе аўтарка заклікала ўсіх чытачоў кідаць Беларусь і ехаць у Расею, але ва ўпраўленні паведамілі, што артыкулу не было.

“Пэўна, гэта мне прыснілася. Як сняцца ўсім нам ужо каторы год заняткі ў Заслонаве (Лепельскі раён) ці то манаха, ці то казака, ці то ваеннага афіцэра Плаксіна з непаўнагадовымі, якім у рукі даецца ваенная зброя і якіх навучаюць любіць Расею. Дарэчы, пра гэта даўно ведаюць і распавядаюць жыхары і Заслонава, і Лепеля. Толькі ўпраўленне юстыцыі гэтага не ведае. Чамусьці. Як не ведае і пра тое, што нашых дзяцей вывозяць у лагеры пад Маскву, дзе навучаюць любові да Расеі і нянавісці да ўсіх астатніх са зброяй у руках. Чаму ж не гадаваць з недасведчаных малых беларусаў гарматнае мяса для сваіх войнаў? А закамуфляваць можна прыгожымі мэтамі і словамі”, – падкрэслівае віцебскі абласны каардынатар.

“І пішуць небаракі-бацькі заявы “Прашу прыняць майго сына ў…”. Сынок гэты хутка вернецца, перарэжа ім глотку, адрэжа вушы, як той нелюдзь Аляксей Мільчакоў, што над целам забітага абаронцы-украінца размахвае такімі “трафеямі”. Упраўленню юстыцыі на гэта пляваць, як пляваць і ўсім, хто павінен несці адказнасць за нашу бяспеку, незалежнасць. Гаспадарыць на нашай зямлі “Рускі свет”. Дазволім?” – задаецца пытаннем Таццяна Севярынец.

Болей навін