Ад Аляксея Шчадрова запатрабавалі аплаціць рэгістрацыю ўсіх насельнікаў прытулку

18 мая 2016 14:18  |  Грамадства

Ад Аляксея Шчадрова запатрабавалі аплаціць рэгістрацыю ўсіх насельнікаў прытулку

Прадстаўнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Шчучынскага РАУС наведаў дабрачынны прытулак у вёсцы Аляксандраўка, які ўтрымлівае каталіцкі вернік Аляксей Шчадроў, і запатрабаваў, каб усе пражываючыя ў прытулку былі зарэгістраваныя па месцы пражыцця. За адсутнасць рэгістрацыі бяздомных на момант наступнага візіту міліцыянт прыгразіў штрафам у памеры чатырох базавых велічынь.

За рэгістрацыю кожнага насельніка неабходна заплаціць па 105 тыс. рублёў. “Дзе мне грошаў столькі ўзяць, калі бывае жыве па 25 чалавек?” – задаўся пытаннем Аляксей Шчадроў.

У адваротным выпадку, сказаў міліцыянт, хай бяздомныя едуць у дом начнога знаходжання ў Гродне, бо тут ім рабіць няма чаго.

Таксама Аляксей Шчадроў паведаміў, што з нядаўняга часу у прытулак кожны чацвер з камісіяй прыязджае старшыня сельсавету і правярае ўмовы жыцця, спраўнасць праводкі, пячнога ацяплення. “Ніколі не было, каб шточацвер прыязджала камісія”, – дадаў ён.

Болей навін