У пятніцу кіраўніцтва БХД сустрэнецца з міністрам працы і сацыяльнай абароны Марыянай Шчоткінай

19 мая 2016 15:28  |  Галоўныя навіны

У пятніцу кіраўніцтва БХД сустрэнецца з міністрам працы і сацыяльнай абароны Марыянай Шчоткінай

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі і старшыня аргкамітэту РГА “Хрысціянска-дэмакратычны рух” Вольга Кавалькова 20 траўня сустрэнуцца з міністрам працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі Марыянай Шчоткінай.

Падчас сустрэчы ёй плануецца перадаць подпісы, сабраныя ў падтрымку прапаноў БХД па рэфармаванні пенсійнай сістэмы. Таксама хрысціянскія дэмакраты выступяць з кароткай заявай. Запрашаем журналістаў а 10:00 каля Дому ўраду. Кантактны тэлефон: +375 29 8740455.

Хрысціянскія дэмакраты прапанавалі пакрокавую пенсійную рэформу, якая ўключае неабходнасць:

1. Унесцi ў Закон Рэспублікі №1596-XII ад 1992/04/17 «Аб пенсійным забеспячэнні» паняцце «страхавога стажу», які будзе складацца з наступных перыядаў:

• Перыяд праходжання ваеннай службы;
• Перыяд атрымання дапамогі па абавязковым сацыяльным страхаванні ў перыяд часовай непрацаздольнасці;
• Перыяд дагляду аднаго з бацькоў за кожным дзіцём да дасягнення ім узросту трох гадоў;
• Перыяд атрымання дапамогі па беспрацоўі;
• Перыяд утрымання пад вартай асоб, неабгрунтавана прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, неабгрунтавана рэпрэсаваных і пасля рэабілітаваных, і перыяд адбыцця пакарання гэтымі асобамі ў месцах пазбаўлення волі і спасылцы;
• Перыяд дагляду, які ажыццяўляецца працаздольнай асобай за інвалідам I групы, дзіцём-інвалідам або за асобай, якая дасягнула ўзросту 80 гадоў;
• Перыяд праходжання альтэрнатыўнай (невайсковай) службы

2. Пачаць з дапамогай дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі кампанію па абмеркаванні ў грамадстве розных прапаноў па рэфармаванні пенсійнай сістэмы.

3. Забяспечыць аднолькавы ўзровень працоўных пенсій для ўсіх катэгорый грамадзян незалежна ад іх былога сацыяльнага статусу.

4. Стварыць Назапашвальны (страхавы) пенсійны фонд і адкрыць у ім страхавыя індывідуальныя рахункі для кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

5. Перадаць ў Назапашвальны (страхавы) пенсійны фонд не менш за 25% акцый дзяржпрадпрыемстваў і 25% сродкаў ад прыватызацыі. дзяржаўнай маёмасці і інвеставаць гэтыя сродкі ў прыбытковыя прадпрыемствы.

6. Вярнуць агульны ўзрост выхаду на пенсію для мужчын – 60 гадоў.

“Сёння спробы вырашыць праблемы пенсійнай сістэмы простым павышэннем пенсійнага фактычна азначаюць, што многія беларусы не дажывуць да заслужанай пенсіі. Ёсць неабходныя першапачатковыя крокі, якія мусяць быць зробленыя. Улады ж імкнуцца павысіць пенсійны ўзрост або пазбавіць цэлыя катэгорыі грамадзян (жанчын, якія даглядаюць дзяцей, людзей, якія нясуць вайсковую ці альтэрнатыўную службу) страховага стажу”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін