Дэпутат расказала, чаму не выконвае свае перадвыбарчыя абяцанні

20 мая 2016 09:47  |  Палітыка

Дэпутат расказала, чаму не выконвае свае перадвыбарчыя абяцанні

Слонімскія хрысціянскія дэмакраты атрымалі адказ на свой зварот да дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Слонімскай выбарчай акругі № 58 Але Сопікавай з просьбай зрабіць справаздачу аб сваёй дзейнасці. Дэпутаты абавязаны не радзей аднаго разу ў год рабіць справаздачы перад выбаршчыкамі акругі пра сваю працу, ход выканання перадвыбарчай праграмы, працу Палаты прадстаўнікоў і тых яе органаў, у склад якіх яны абраныя ці ўваходзяць па пасадзе.

Слонімцы прасілі Алу Сопікаву правесці з выбаршчыкамі сустрэчу, на якой зрабіць падрабязную справаздачу па кожным пункце перадвыбарчых абяцанняў і пра іншую дзейнасць за перыяд дэпутацкіх паўнамоцтваў. Таксама дэпутату нагадалі некаторыя перадвыбарчыя абяцанні, дадзеныя выбаршчыкам у 2012 годзе. Сярод іх: працаваць над удасканаленнем пенсійнай сістэмы і не павышаць пенсійны ўзрост; эканамічна актыўнаму насельніцтву – працоўныя месцы і годная аплата працы; дамагацца распрацоўкі заканадаўчай базы па зніжэнні падатковай нагрузкі на прамысловыя прадпрыемствы, малы і сярэдні бізнэс, аказваць падтрымку малому бізнэсу ў сферы вытворчасці тавараў, прац і паслуг.

У сваім адказе Ала Сопікава паведаміла, што з кастрычніка 2012 года па красавік 2016 года правяла 79 сустрэч, 10 размоў за “круглым сталом”, апублікавала 189 публікацый.
Датычна абяцанняў не павышаць пенсійны ўзрост дэпутат адказала, што “ў цяперашніх умовах, калі колькасць працаздольнага насельніцтва памяншаецца, а колькасць пенсіянераў павялічваецца, пенсійная сістэма адчувае сур’ёзную нагрузку. У сувязі з гэтым работа, якая ажыццяўляецца ў рэспубліцы, нацэлена на пошук новых дадатковых крыніц фінансавання пенсійных выдаткаў. Інакш кажучы, быў прыняты шэраг мер, накіраваных на адаптацыю пенсійнай сістэмы да новых умоў”.

А вось просьба правесці з выбаршчыкамі сустрэчу, на якой зрабіць падрабязную справаздачу па кожным пункце перадвыбарчых абяцанняў і пра іншую дзейнасць за перыяд дэпутацкіх паўнамоцтваў, а таксама адказаць на пытанні выбаршчыкаў, засталася без адказу.

Болей навін