Павал Севярынец: новы шпіталь для высокага чынавенства – дэманстратыўная раскоша (відэа)

26.05.2016, 09:13  |  Галоўныя навіны, Эканоміка

Павал Севярынец: новы шпіталь для высокага чынавенства – дэманстратыўная раскоша (відэа)
Усе грамадзяне Беларусі роўныя, але некаторыя – раўнейшыя і маюць права на лепшае медычнае абслугоўванне. У суседстве з рэзідэнцыяй Лукашэнкі «Дразды» паўстае новы шпіталь для высокага чынавенства – у сасновым бары, на беразе вадасховішча. Указ пра новы спецабʼект Лукашэнка падпісаў два гады таму.

Лякарня ў маляўнічым месцы: тут, у пасёлку Ждановічы, што пад Менскам, праз паўтара года мусіць з’явіцца шпіталь для чыноўнікаў. Яго прыкладны кошт, згодна з дакументамі, каля € 100 млн.

Адзін шпіталь для чынавенства ў Менску ўжо ёсць, у народзе яго называюць лечкамісія, і размяшчаецца ён у самым цэнтры сталіцы, на скрыжаванні вуліц Энгельса і Чырвонаармейскай. Пасля пераезду стары будынак аддадуць гораду, а ў новым плануецца стварыць цэлы віп-блок з асобнымі ўваходамі, сваймі кухнямі ды пакоямі для аховы.

«Я мяркую, што лішніх грошай у нашай дзяржаве асабліва няма, таму марнаваць іх на парады і пераносы таго, што і без таго добра працуе – лішняе», – кажа мянчанка.

Тым часам медустановаў для простых беларусаў бракуе, і не толькі ў сталіцы. Гэтак, будаўніцтва паліклінікі ў новым віцебскім мікрараёне Білева мусіла пачацца яшчэ год таму, але мясцовыя чыноўнікі толькі разводзяць рукамі: маўляў, няма грошай, а раённы шпіталь у Мёрах будуюць ужо 25 гадоў.

«Гэтая ўстанова – прадмет неабавязковай раскошы і, можа быць, нават дэманстратыўнай раскошы. Задача – паказаць беларускаму народу, што вы будзеце працаваць на нас, будзеце пахаць, як коні, а мы будзем адпачываць, мы будзем лекавацца, і нічога вы з гэтым не зробіце». – зазначае Павал Севярынец, партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

Цяпер на пляцоўцы дзясяткі будаўнічых фургонаў, актыўна вядуцца працы. Здаць новую лечкамісію плануюць узімку 2017 года.

Настасся Храловіч, «Белсат»

Навіны па тэме