Актывістаў камітэту выратавання прадпрымальніцтва аштрафавалі на 25,2 млн рублёў за мітынг у Маладзечне (відэа)

13 чэрвеня 2016 12:57  |  Палітыка

Актывістаў камітэту выратавання прадпрымальніцтва аштрафавалі на 25,2 млн рублёў за мітынг у Маладзечне (відэа)

10 чэрвеня ў судзе Маладзечненскага раёну адбыліся суды над удзельнікамі мітынгу 14 траўня ў Маладзечне ў абарону прадпрымальнікаў. Адміністратыўныя справы па ч.2 і ч.3 арт. 23.34 разглядаў сумнавядомы суддзя Павел Жачко.

Лідара пратэстнага прадпрымальніцкага руху ў Беларусі, намесніка старшыні руху салідарнасці “Разам” Алеся Макаева аштрафавалі на 10,5 млн рублёў (50 базавых).

Старшыні барысаўскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Алесю Абрамовічу прысудзілі выплаціць штраф у памеры 40 базавых.

Каардынатар Мінскай абласной арганізацыі БХД Павел Пракаповіч аштрафаваны на 30 базавых па ч. 2 арт. 23.34.

Агульная сума штрафаў – 25,2 млн рублёў.

“Мы арганізоўваем сходы не толькі за правы ІП Беларусі, але і для свабоды і законнага права на сходы, гарантаванага Канстытуцыяй. У Маладзечне адбылося чарговае судзілішча, каб запалохаць празмернымі штрафамі і адбіць жаданне чагосьці патрабаваць, Адміністратыўныя арышты не практыкуюць, каб не так кідалася ў вочы існуючае бязмежжа. Новая тактыка рэжыму –загнаць незадаволеных у фінансавую багну. Не падабаюцца канфіскацыі і штрафы? Пратэстуеце? Тады плаціце штраф. Вось такая “лібералізацыя!”, – заявіў Алесь Макаеў.

Болей навін