БХД патрабуе прыцягнуць да адказнасці закупнікоў планшэтаў для ўдзельнікаў Усебеларускага сходу

23 чэрвеня 2016 16:39  |  Галоўныя навіны

БХД патрабуе прыцягнуць да адказнасці закупнікоў планшэтаў для ўдзельнікаў Усебеларускага сходу

Кіраўнікі аргкамітэтаў па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і РГА «Хрысціянска-дэмакратычны рух» патрабуюць выявіць асобаў, якімі арганізавалі закупкі дарагіх планшэтаў для дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, і прыцягнуць іх да адказнасці.

Заяву ў Камітэт дзяржаўнага кантролю, Мінгарвыканкам, Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства эканомікі падпісалі Віталь Рымашэўскі, Дзяніс Садоўскі, Марына Хоміч, Вольга Кавалькова, Максім Гацак. Акрамя таго, яны патрабуюць узмацніць кантроль за расходаваннем сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў і накіроўваць іх на аб’екты і закупкі, якія маюць першараднае значэнне, а таксама зрабіць празрыстым працэс зацвярджэння і правядзення дзяржзакупак з інфармаваннем насельніцтва.

«У канцы мінулага года ўся краіна збірала грошы на будаўніцтваў Беларускага дзіцячага хоспіса ў Бараўлянах, заканчэнне будаўніцтва якога было пад пагрозай з-за недастатковага фінансавання. У Беларусі шмат аб’ектаў і праектаў, якія з-за адсутнасці грошай не былі ўведзеныя і выкананыя ў тэрмін: бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя сады, школы, не вырашана пытанне з пітной вадой у Мінску. Аднак кожнаму ўдзельніку Усебеларускага народнага сходу падарылі планшэт, партфель і кнігу на агульную суму больш за 550 000 даляраў. І гэта далёка не адзіныя выдаткі на арганізацыю гэтага мерапрыемства. Беларусь сёння знаходзіцца ў мацнейшым эканамічным крызісе, і такія марнаванні з бюджэту – гэта недазваляльная раскоша», – адзначыла лідар ХДР Вольга Кавалькова.

Болей навін