На сябраў ініцыятыўных груп дэмакратычных кандыдатаў аказваецца ціск

15 ліпеня 2016 18:24  |  Галоўныя навіны

На сябраў ініцыятыўных груп дэмакратычных кандыдатаў аказваецца ціск

Кампанія назірання за выбарамі “Права выбару-2016” падрыхтавала першую прамежкавую справаздачу па выніках парламенцкай выбарчай кампаніі, якая ахоплівае перыяд рэгістрацыі ініцыятыўных груп з 28 чэрвеня па 14 ліпеня 2016 года.

Паводле інфармацыі з апазіцыйных дэмакратычных партый прэтэндэнты ў дэпутаты, а таксама члены іх ініцыятыўных груп сутыкнуліся з ціскам на працы альбо па месцы жыхарства. У шэрагу выпадкаў гэты ціск стаўся прычынай таго, што асобы, якія мелі намер вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты, былі вымушаныя адмовіцца ад вылучэння.

Аб’яднаная Грамадзянская партыя паведаміла пра чатыры падобныя выпадкі ціску на сваіх патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, Партыя БНФ – мае два такія выпадкі, “Гавары праўду” і Беларуская Хрысціянская дэмакратыя маюць па аднаму падобнаму прыкладу.

Цяжкасці пры падачы і атрыманні дакументаў адчулі дзве ініцыятыўныя групы актывістаў Руху “За Свабоду”. У працоўны час члены акруговай выбарчая камісія №67 адсутнічалі на працоўным месцы. Заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы атрымалася падаць толькі пасля тэлефанавання ў Цэнтрвыбаркам. У другім выпадку намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч атрымаў пасведчанні сябраў ініцыятыўнай групы, без якіх немагчыма было збіраць подпісы, толькі на сёмы дзень.

Сярод вылучэнцаў, групы якіх зарэгістраваныя Цэнтрвыбаркамам, 286 беспартыйных і 159 членаў палітычных партый, у тым ліку ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 39 чалавек, ад Партыі БНФ — 29, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” — 23, Камуністычнай партыі Беларусі — 20, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) — 16, Ліберальна-дэмакратычнай партыі — 16, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці — 10, Беларускай партыі “Зялёныя” і Беларускай патрыятычнай партыі — па 3.

Рух “За свабоду” заявіў пра рэгістрацыю – 18 ініцыятыўных груп, прафсаюз РЭП – пра 1 ініцыятыўную групу.

Сярод незарэгістраваных палітычных суб’ектаў пра рэгістрацыю 29 ініцыятыўных груп заявіла “Гавары праўду”, пра рэгістрацыю 28 ініцыятыўных груп – БХД.

У параўнанні з мінулай выбарчай кампаніяй па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў колькасць адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў паменьшылася з 19% да 6%. У абсалютных лічбах – з 85 выпадкаў да 30.

Адзін з каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2016”, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі лічыць, што першы этап парламенцкай выбарчай кампаніі прадэманстраваў, што ніякіх сутнасных зменаў і паляпшэнняў у арганізацыі і правядзенні кампаніі з боку Цэнтрвыбаркама не адбылося.

“Ціск на сябраў ініцыятыўных груп і патэнцыйных кандыдатаў ад дэмакратычных сіл працягваецца. Гэтая з’ява нікуды не знікла. Можа ў абсалютных лічбах ён і зменшыўся, але ад ціску ўлада не адмовілася і па ранейшаму працягвае ігнараваць прапановы па паляпшэнні выбарчага працэсу як ад нацыянальных назіральнікаў, у тым ліку кампаніі назірання “Права выбару-2016”, так і місіі АБСЕ. Наступным важным этапам выбарчай кампаніі будзе фармаванне ўчастковых выбарчых камісій. Па гэтаму этапу стане канчаткова зразумела ці гатовыя ўлады пайсці на рэальнае паляпшэнне выбарчага працэсу альбо абяцанні застануцца чарговымі мыльнымі бурбалкамі”, – гаворыць Дзяніс Садоўскі.

У кампанію назірання за выбарамі “Права выбару-2016” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Аб’яднаная Грамадзянская партыя, “Рух “За Свабоду”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

Кампанія “Права выбару-2016”

Болей навін