Таісія Кабанчук: людзі “дзвюма рукамі” за нашы прапановы пенсійнай рэформы

25 ліпеня 2016 14:57  |  Галоўныя навіны

Таісія Кабанчук: людзі “дзвюма рукамі” за нашы прапановы пенсійнай рэформы

Сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі з Бабруйска на чале з каардынатарам аргкамітэту па Магілёўскай вобласці Таісіяй Кабанчук 24 ліпеня наведалі аграгарадок Свіслач у Асіповіцкім раёне, дзе правялі пікет у падтрымку прамоўцы БХД Аляксандры Сьянавай.

“У аграгарадку ў людзей такія ж пытанні, як і ў горадзе: куды ідзе Беларусь, што рабіць, як выжыць за пенсію ў 100 даляраў? Мы давалі адказы хрысціянскіх дэмакратаў, у якім накірунку трэба рухацца Беларусі, раздавалі ўлёткі. Людзі добра ставіліся да нашых прапаноў рэформы пенсійнай сістэмы і “дзвюма рукамі” ставілі подпісы ў падтрымку”, – адзначыла Таісія Кабанчук.

Разам з тым, паводле яе, было шмат і тых людзей, якія не вераць, што штосьці можна вырашыць, “пакуль ён ва ўладзе”. “Людзі страцілі веру ў лепшае, некаторыя з іх самі былі ў камісіях і бачылі, як робяцца фальсіфікацыі, і спадзяюцца толькі на сябе. Яны бягуць і робяць свае справы, але пакуль не разумеюць, што трэба ратавацца іншым шляхам”, – падкрэсліла каардынатар БХД.

25 ліпеня бабруйскія актывісты БХД збіраюцца падпісаць паштоўкі ў падтрымку Аляксея Мілюкова (Жалнова), а потым правесці супольны Правацэнтрысцкі пікет у цэнтры Бабруйска.

“1000 подпісаў для рэгістрацыі мы ўжо даўно назбіралі, але мы працягваем збіраць іх за пенсійную рэформу і вырашэнне праблем”, – дадала Таісія Кабанчук.

Болей навін