Віталя Рымашэўскага хочуць пакараць за ўдзел у пікеце Марыны Хоміч

29 ліпеня 2016 13:05  |  Галоўныя навіны

Віталя Рымашэўскага хочуць пакараць за ўдзел у пікеце Марыны Хоміч

Акружная камісія Кальварыйскай выбарчай акругі № 104 лічыць, што сябры камісіі Расціслаў Каліноўскі (Кампартыя) і Марына Макарэвіч (Аграрная партыя), якія перашкаджалі збіраць подпісы і абражалі сябраў ініцыятыўнай групы лідара Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марыны Хоміч, не парушылі “этычныя нормы паводзінаў”.

Такі адказ за подпісам старшыні камісіі Зінаіды Жаголкінай (Беларускі фонд міра) і самой Макарэвіч атрымаў сустаршыня аргкамітэту БХД, сябра ініцыятыўнай групы Віталь Рымашэўскі.

Пры гэтым камісія вырашыла накіраваць ва УУС Фрунзенскага раёна “для дачы прававой ацэнкі” інфармацыю пра раздачу Віталём Рымашэўскім на пікеце Марыны Хоміч буклетаў БХД.

Такія пагрозы хрысціянскія дэмакраты атрымалі ў адказ на скаргу ў ЦВК на дзеянні сябраў Кальварыйскай акружной камісіі, але ЦВК скаргу на камісію перанакіраваў самой камісіі.

“Усё гэта паказвае абсурд той сістэмы, якая ў нас склалася. Гэтая камісія адметная тым, што яе сябры больш падобныя на агітатараў за Лукашэнку, а не на незалежных людзей, якія мусяць арганізоўваць свабоднае волевыяўленне грамадзян. На сходзе, калі выносілася папярэджанне Марыне Хоміч, яны сябе паводзілі нахабна, зневажалі, заяўлялі, што адзін аднаго ведаюць шмат гадоў і з’яўляюцца добрымі сябрамі”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Марыне Хоміч ужо было вынесенае папярэджанне за раздачу інфармацыйных матэрыялаў БХД на пікеце. “Цяпер яны пагражаюць за гэта ж міліцыяй. Гэта абсурдна, бо альбо трэба прызнаваць гэта асобнай раздачай матэрыялаў і тады не трэба выносіць папярэджанне Марыне Хоміч. Тым больш, што ў буклетах не было інфармацыі пра Марыну. Альбо выносіць папярэджанне за раздачу матэрыялаў на пікеце, але прычым тут тады міліцыя? Лідзія Ярмошына, перанакіраваўшы скаргу ў камісію, у чарговы раз паказала, што яна, па яе ж словах, салдат рэжыму”, – заявіў сустаршыня БХД.

Болей навін