Рэцэпты ад шэф-повара Ярмошынай Л.М.

03 жніўня 2016 08:59  |  Блог Таццяны Севярынец

Рэцэпты ад шэф-повара Ярмошынай Л.М.

На якія толькі кулінарныя далікатэсы не здольны шэф-повар галоўнай сталоўкі па правядзенні выбараў, у народзе названай Цэнтрвыбаркам.

Тут табе як падагнаць інгрыдыенты, каб запланаванае блюда “Вынікі выбараў” супалі цюцелька ў цюцельку з задуманым.

Тут табе як пазбавіцца ад непатрэбнага інгрыдыента ў “Салаты – кандыдаты” ці там, крый Божа, яшчэ на якую кухню просяцца.

Тут табе рацэпт салодкай гарбаты “Падлік галасоў”, адзін, калі мяшаеш лыжкай -асадкай справа налева, другі – калі мяшаеш злева-направа пры роўнай колькасці цукру.

Рэцэптаў шмат і розных, на любы густ, і шаноўны шэф-повар гатовы дзяліцца сваім досведам і за межамі сваёй, беларускай кухні.

Перш чым заварыць боршч “Выбары” збіраюцца розныя інгрыдыенты. Ёсць у шэф-повара павараная кніга “Выбарчы кодэкс”, дзе ўсё добра распісана. Можна, калі хочаш, згатаваць любую страву, і ніхто не атруціцца, атрымае асалоду. Але ж Лідзія Міхайлаўна – чалавек творчы. У яе шмат вучняў – кухцікаў, якія ахвотна асвойваюць яе досвед.

Заўважылі мы, што сябры ініцыятыўнай групы з БРСМ на пікеце праўладнага прэтэндэнта Чэкана В.І. збіраюць подпісы з усіх акруг Віцебска, панапісалі скаргі і ў пракуратуру, і ў абласную камісію. Ну крыўдна ж! Мы ж, не з іх кухні, такога і ўявіць сабе не маглі!

Пракуратуры з гэтым разбірацца млосна, перанакіравала ў абласную камісію, а абласная, якая адказ ужо нам дала, проста яго паўтарыла: маўляў, так, збіралі подпісы падчас пікету, мелі права, што вам яшчэ трэба? Сутнасць, канешне, прапусцілі.

Э-э, гэтым кухцікам да Ярмошынай далёка! Мы ж, незадаволеныя адказам абласной кухні, паскардзіліся і ў галоўную сталоўку.

Вось як трэба было адказваць:

“…Норма часткі восьмай артыкула 65 Выбарчага кодэкса, згодна з якой у падпісных лістах павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчай акругі, не выключае магчымасці таго, што ў падпісных лістах могуць быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі іншых выбарчых акруг. У гэтым выпадку такія подпісы не правяраюцца і не ўлічваюцца (частка другая артыкула 67 выбарчага кодэкса).”… Павесілі мы насы. Шчоўкнула нас Лідзія Міхайлаўна па іх балюча.

І якія, скажыце, парушэнні рэцэпту, што могуць выклікаць нястраўнасць, у тым, што подпісы збіраюцца на працоўных месцах, у паліклініках дактарамі падчас прыёму пацыентаў?

Лідзія Міхайлаўна і тут адбівае катлету па-ярмошынску : у паліклініках збіраць можна, як і на працоўных месцах. Гэта ж робіцца ў вольны час, калі перапынак, кава-гарбата, перакур. Інгрыдыентаў жа патрэбна шмат!

Так што не хвалюйцеся! Боршч будзе падрыхтаваны па вышэйшым разрадзе! Пальчыкі абліжаце!

Таццяна Севярынец, пакуль яшчэ прэтэндэнт на кандыдата па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18.

Болей навін