«Выбарчае заканадаўства не забараняе нам сьпяваць», — Тацяна Севярынец пра справы супраць патэнцыйных кандыдатаў

09 жніўня 2016 09:41  |  Палітыка

«Выбарчае заканадаўства не забараняе нам сьпяваць», — Тацяна Севярынец пра справы супраць патэнцыйных кандыдатаў

Віцебскія актывісткі аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец і Алена Шабуня былі выкліканыя ў Кастрычніцкі РАУС для тлумачэньняў па адміністрацыйных справах.

Справы на жанчын завялі пасьля пікету па зборы подпісаў, які праходзіў 27 ліпеня ў цэнтры Віцебску і быў прымеркаваны да гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

Аднак у рапарце, які склаў палкоўнік Ігар Скарыновіч, намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Віцебскага аблвыканкаму, чамусьці стаіць іншая дата — 17 ліпеня, заўважыла Тацяна Севярынец:

«Чалавек, які няўважліва ставіцца да складаньня дакумэнтаў, відавочна няўважлівы і да выбарчага заканадаўства. Мы ладзілі супольны пікет па зборы подпісаў, гэта дазволена выбарчым заканадаўствам. Яно не забараняе нам ні сьпяваць, ні нават танцаваць. Не забараняе і віншаваць мінакоў са сьвятамі. Месца, дзе мы гэта рабілі, не ўваходзіць у пералік недазволеных. Дык чаму да нас нейкія прэтэнзіі?»

Прэтэнзіі, найхутчэй, выклікаў рэпэртуар, лічыць бард Георгі Станкевіч. Разам зь дзьвюма спадарынямі ён выконваў пад гітару гімн «Магутны Божа». А потым — і ўласную песьню «Сьцяг». Учора бард даведаўся, што супраць ягозавялі адміністрацыйную справу.

Справу за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі завялі і на трэцюю ўдзельніцу пікета па зборы подпісаў, Алену Шабуню.

«Участковы інспэктар Сяргей Раманчук паказваў нам відэазапісы, зробленыя міліцэйскім апэратарам. Так, мы сьпявалі, стоячы на ходніках каля Летняга амфітэатру. Побач праходзілі мінакі. На пікетах мы выкарыстоўваем бел-чырвона-белыя сьцягі, што таксама не забаронена. Прынамсі, мы ня мелі за гэта ніводнай заўвагі — ні ад выбарчых камісіяў, ні ад міліцыі, якая назірала 27 ліпеня за нашымі дзеяньнямі», — сказала спадарыня Алена.

Усім тром патэнцыйным кандыдатам, якія ўжо падалі дакумэнты на рэгістрацыю, сказана чакаць позваў у суд. Дата пакуль не прызначана. За парушэньне артыкула 23.34 (частка 1) адміністрацыйнага заканадаўства прадугледжана пакараньне ў выглядзе штрафу памерам ад 30 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Радыё Свабода

Болей навін