Тэледэбаты. «Калі ўлада клапоціцца толькі пра сябе, то такую ўладу трэба мяняць»

19.08.2016, 17:26  |  Навіны » Палітыка

Тэледэбаты. «Калі ўлада клапоціцца толькі пра сябе, то такую ўладу трэба мяняць»
У рамках парламенцкай кампаніі на тэлеканале «Беларусь 3» вечарам 18 жніўня адбыліся першыя тэледэбаты кандыдатаў у дэпутаты. У дэбатах удзельнічалі тры з пяці кандыдатаў на месца ў парламенце, якія балатуюцца па Шабаноўскай выбарчай акрузе № 91 у Мінску.

У прыватнасці, спікер Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, вылучэнец ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) сталяр-станочнік дрэваапрацоўчых станкоў ПУП «Дзверы ЛКА» Аляксандр Кавалькоў, вылучэнец ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) Аляксандр Бухвостаў і дзеючы дэпутат палаты прадстаўнікоў Аксана Няхайчык, якая вылучалася шляхам збору подпісаў і ад працоўнага калектыву.

Ва ўступным слове Кавалькоў адзначыў, што ўдзельнічае ў парламенцкіх выбарах для таго, каб у краіне «пачаліся перамены», каб наступнае пакаленне беларусаў магло «жыць годна». На яго думку, улады «абараняюць толькі свае інтарэсы».

«Простаму чалавеку немагчыма дабіцца праўды ў судзе, выканкаме. З кожным годам яны ўсё больш залазяць у наш кішэню, уводзяць новыя падаткі, павышаюць тарыфы, зніжаюць заробкі і пенсіі. Калі ўлада клапоціцца толькі пра сябе, то такую ўладу трэба мяняць», - перакананы Кавалькоў.

Спікер БХД заявіў, што для яго як хрысціянскага дэмакрата па палітычных перакананнях галоўная мэта складаецца ў абароне «кожнага беларуса ад несправядлівасці, беспрацоўя і беднасці». Ён лічыць важным вярнуць «каштоўнасць салідарнасці і справядлівасці», а таксама «вярнуць людзям надзею на перамены». Беларусь, на яго думку, павінна развівацца па прынцыпе "дзяржава для чалавека, а не чалавек для дзяржавы».

Аляксандр Бухвостаў заявіў, што парламентарыям новага склікання ў першую чаргу трэба «сканцэнтраваць увагу на працы прамысловасці», бо эканоміка і прамысловасць краіны «патрапілі ў такую яму, з якой вельмі складана выбірацца». «Мы адкінутыя літаральна на пяць гадоў назад і па выпрацоўцы, і па прадукцыйнасці, і па заработнай плаце, і па аб'ёмах вытворчасці», - сказаў ён.

Бухвостаў таксама звярнуў увагу на праблему кантрактнай сістэмы, якая «з'яўляецца пятлёй на шыі працоўнага»; на неабходнасць стварэння ўмоў для свабоднага аб'яднання ў прафсаюзы і вяртання да заяўляльнага прынцыпу рэгістрацыі прафесійных саюзаў.

«Трэба звярнуць увагу на карупцыю, на тое, як чыноўнікі выкарыстоўваюць сваё службовае становішча, на бюджэт, ахову здароўя, становішча пенсіянераў... Важна звярнуць увагу на выбарчую сістэму, каб яна працавала сумленна, справядліва, каб людзі сапраўды ведалі, што абралі таго, за каго яны галасавалі», - падкрэсліў лідар СПМ.

Аксана Няхайчык адзначыла, што выступае за «захаванне міру і стабільнасці ў краіне, выкараненне карупцыі і бюракратыі ў грамадстве», за «стварэнне годных умоў для жыцця і працы кожнаму грамадзяніну».

Адказваючы на крытычную заўвагу Кавалькова пра тое, што парламентарыі падтрымалі шэраг непапулярных мер, у тым ліку павышэнне пенсійнага ўзросту, Няхайчык сказала: «Калі б не тая дэмаграфічная яма, якая адбылася ў 1990-я гады і сёння не дазваляе нам утрымліваць пенсіянераў на тым годным узроўні, якога яны заслугоўваюць, то, напэўна, сёння не было б прынятае такое нялёгкае рашэнне».

Яна пагадзілася з тым, што ў краіне можна было б увесці назапашвальную пенсійную сістэму, але падкрэсліла, што дзеючая сістэма агульнага пенсійнага фонду робіць дзяржаву гарантам выплаты пенсій, у той час як пры назапашвальнай сістэме ніхто не застрахаваны ад розных абставінаў.

Бухвостава цікавіла стаўленне Няхайчык да шэрагу законаў і дэкрэтаў, якія, на яго думку, робяць больш жорсткімі становішча работнікаў, а таксама да намеру ўладаў замацаваць кантрактную сістэму ў Працоўным кодэксе, на што парламентарый адказала: «Я лічу, што кантрактная сістэма павінна быць. Іншая справа, што кожны кіраўнік павінен выразна ўсведамляць, што гэта (кантрактная сістэма. - БелаПАН) не павінна з'яўляцца той шашкай, якой ён можа размахваць направа і налева».

Звярнуўшы ўвагу на тое, што па адной з акругаў Мінска балатуецца дачка Кавалькова Вольга, Няхайчык спытала ў свайго апанента, ці лічыць ён, што «ў парламенце павінна быць прадстаўлена сямейная дынастыя».

«У нас яшчэ няма сямейнай дынастыі. Мая дачка, я яе падтрымліваю, таму што каля жанчыны заўсёды павінен быць мужчына, на якога яна будзе абапірацца. А я як бацька заўсёды хачу дапамагчы, мы, бацькі, заўсёды дапамагаем сваім дзецям. Мы ведаем, як займацца палітыкай у нашай краіне», - сказаў прадстаўнік БХД.

У Бухвостава Няхайчык пацікавілася, за што канкрэтна ён выступае, паколькі ў сваіх выступах ён у асноўным выступае «супраць». Старшыня СПМ адказаў, што выступае «за справядлівасць, сацыяльнае грамадства, за тое, каб людзей паважалі, каб у нас не было грубасці і хамства з экранаў тэлевізара, якое часам мы бачым нават ад кіраўнікоў высокага рангу».

«Я за тое, каб рэспубліка наша стала нармальнай сацыяльна-прававой дзяржавай, каб выбарчая сістэма дазваляла людзям верыць, што яны сапраўды аддалі галасы за тых, каго хацелі абраць», - падкрэсліў прафсаюзны лідар.

naviny.by

Навіны па тэме