Павел Севярынец выступіў на “Трыялогу” ў Польшчы

29 жніўня 2016 14:38  |  Грамадства

Павел Севярынец выступіў на “Трыялогу” ў Польшчы

Сустаршыня БХД Павел Севярынец узяў удзел у штогадовай міжнароднай канферэнцыі “Трыялог” на Падляшшы. Тэмай сёлетняга форуму было “Ці Бог не разумее па-беларуску?” Разам з пісьменнікамі Уладзімірам Арловым і Барысам Пятровічам, тэолагам Ірынай Дубянецкай, сімфанічным дырыжорам Аляксеем Фраловым, ксяндзом-біблеістам Сяргеем Сурыновічам і праваслаўным святаром Георгіем Роем удзельнікі абмяркоўвалі праблемы беларускасці і хрысціянства ў Беларусі.

– За 1000 гадоў мы скрышталізаваліся як хрысціянская нацыя. І нацыянальная ідэя ў адным сказе гэта – Ісус Хрыстос, які гаворыць па-беларуску. Мы імкнемся да Хрыста, імкнемся быць падобнымі да яго, імкнемся рабіць ягоныя справы і робім гэта па-беларуску. Усё гэта простая формула для кожнага беларуса. У цэрквах, асабліва ў касцёле, напрыклад, у грэка-католікоў, гэта выдатна разумеюць. І гэта робіць новага чалавека, новага беларуса, які маральна угрунтаваны, адказны і свядомы.

Павел Севярынец таксама прывёў лічбы, што на сёння ў Беларусі існуе 450 каталіцкіх парафій, з якіх каля 300 выкарыстоўваюць беларускую мову. У той жа час у праваслаўнай царкве мова тытульнай нацыі пакуль сустракаецца адзінкава. Севярынец упэўнены, што змяніць сітуацыю можа найперш ідэйны рух самых вернікаў, а таксама лічыць, што аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы значна паскорыла б працэс беларусізацыі, паведамляе Радыё Рацыя.

Болей навін