Улёткі старшыні Крычаўскага райсавета распаўсюджваюць без выходных дадзеных

02.09.2016, 11:53  |  Навіны » Палітыка

Улёткі старшыні Крычаўскага райсавета распаўсюджваюць без выходных дадзеных
У Хоцімску і Хоцімскім раёне актыўна распаўсюджваюцца агітацыйныя ўлёткі ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, старшыні Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў Таццяны Марачковай. У парушэнне Выбарчага кодэкса, на ўлётках адсутнічаюць выходныя дадзеныя.

Па словах хоцімскага журналіста і грамадскага актывіста Валерыя Каранкевіча, агітацыйныя матэрыялы асабліва актыўна распаўсюджваюцца сярод пенсіянераў, прычым распаўсюджвае іх і кіраўнік мясцовай ветэранскай арганізацыі Тамашоў.

Валерый Каранкевіч выказвае сваё здзіўленне адсутнасцю якой-небудзь рэакцыі з боку акруговай выбарчай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83 на відавочна незаконныя дзеянні кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Таццяны Марачковай.

У Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь ясна гаворыцца пра тое, што распаўсюджванне ананімных агітацыйных друкаваных матэрыялаў забараняецца. Агітацыйныя друкаваныя матэрыялы павінны змяшчаць наступныя выпускныя даныя:

найменне і адрас арганізацыі (індывідуальнага прадпрымальніка), якая вырабіла друкаваныя матэрыялы;

нумар і дату выдачы пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі вытворцы друкаваных выданняў;

наклад і нумар замовы;

прозвішча і ініцыялы заказчыка. Адзін асобнік агітацыйных друкаваных матэрыялаў (копія) да распаўсюджванне прадстаўляецца ў акруговую камісію.

У выпадку парушэння вышэйпералічаных патрабаванняў, акруговая і абласная камісіі павінны неадкладна адрэагаваць, праінфармаваць аб парушэнні ЦВК, а таксама звярнуцца ў органы міліцыі або пракуратуры з прадстаўленнем аб перасячэнні супрацьпраўнай агітацыйнай дзейнасці, канфіскацыі незаконных агітацыйных друкаваных матэрыялаў і прыцягненне вінаватых асоб да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Магілёўскі абласны інфармацыйны партал

Навіны па тэме