На форуме “Свабоду палітвязням!” створаны камітэт бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне (фота)

08 верасня 2016 12:39  |  Галоўныя навіны

На форуме "Свабоду палітвязням!" створаны камітэт бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне (фота)

7 верасня ў Менску на сядзібе прафсаюза РЭП прайшоў чарговы форум “Свабоду палітвязням!”. У сустрэчы ўзялі ўдзел палітыкі – сустаршыні БХД Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, кіраўнік БСДП НГ Мікалай Статкевіч, старшыня Руху за дзяржаўнасць і незалежнасць Уладзімір Някляеў, сябра Палітрады АГП Аляксандр Дабравольскі, кіраўнік прафсаюза прадпрымальнікаў “Салідарнасць” Мікалай Аўтуховіч, лідэр Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч, праваабаронцы Міхаіл Пастухоў, Ганна Шапуцька, Алег Волчак, Вольга Мікалайчык, Кацярына Садоўская, Наталля Гарачка-Басалыга, Юры Ваўчок, Ігар Леднік, а таксама грамадскія актывісты, бацькі дабраахвотнікаў, якія абараняюць незалежнасць Украіны, журналісты.

На форуме было прынята рашэнне стварыць Камітэт бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне і заклікаць міжнародную супольнасць не прызнаваць фальшывыя “выбары”. Былі сабраныя ахвяраванні для Ірыны Моцнай і падпісаныя паштоўкі палітвязням.

Тэкст заявы, прынятай форумам 7 верасня:

СВАБОДУ ПАЛІТВЯЗНЯМ! РУКІ ПРЭЧ АД БАЦЬКОЎ ДАБРААХВОТНІКАЎ!

Летам-восенню 2016 года, непасрэдна перад кампаніяй “выбараў”, дзеючы рэжым працягвае ўтрымліваць у турмах палітвязняў, а таксама пераследваць сваякоў і сяброў беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне.

Закрытым судом па сфабрыкаванай справе да 3-х гадоў абмежавання волі прысуджаны гродзенскі антыфашыст Максім Ягнешка. Рыхтуецца суд над Эдуардам Пальчысам: ягоныя артыкулы ўжо прызнаныя рэжымам экстрэмісцкімі. Трымаюць за кратамі галадоўніка, удзельніка Плошчы 2010 года Уладзіміра Кондруся. Няспыннаму ціску падвяргаюцца Андрэй Бандарэнка, Міхаіл Жамчужны, Ілля Валавік, Вадзім Бойка, Зміцер Паліенка, Алеся Садоўская, Аляксандр Лапіцкі, Ірына Моцная, Тарас Аватараў, Піліп Іваноў, Зміцер Цэхановіч, Аляксей Жаўноў, Алесь Юркойць, Кірыл Сілівончык.

Адбываюцца ператрусы і допыты ў сваякоў і сяброў беларускіх дабраахвотнікаў, якія абараняюць незалежнасць Украіны. Па ранейшаму атрымліваюць вялізныя штрафы ўдзельнікі мірных акцыяў пратэсту.

Адначасова поўнай хадой ідзе падрыхтоўка да чарговых фальсіфікацыяў на “выбарах”. Працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, студэнтаў і вайскоўцаў прымусова заганяюць на “датэрміновае галасаванне”.

Відавочна, што ніякай гаворкі пра “справядлівыя ды свабодныя выбары” альбо “прагрэс у галіне дэмакратыі” ў такой атмасферы страху і рэпрэсіяў быць не можа. Становішча горшае, чым было год таму, перад спектаклем “прэзідэнцкіх выбараў”.

Мы, прадстаўнікі беларускіх палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў, праваабаронцы, актывісты, рэпрэсаваныя і іх сваякі:

– Патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў і аднаўлення іх у правах.

– Патрабуем спыніць пераслед іншадумцаў, практыку штрафаў за мірныя акцыі і рэпрэсіі супраць сем’яў беларускіх дабраахвотнікаў, якія змагаюцца за незалежнасць Украіны.

– Заклікаем міжнародную супольнасць не прызнаваць фальшывыя “выбары”, якія праводзяцца ў атмасферы страху і прымусу – і зрабіць усё магчымае для вызвалення палітвязняў у Беларусі.

– Падтрымліваем ініцыятыву стварэння Камітэта бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне.

– Заклікаем беларусаў выходзіць на мірную акцыю пратэсту 12 верасня з партрэтамі палітвязняў і патрабаваннем іх вызвалення.

Менск, 7 верасня 2016 года

На форуме "Свабоду палітвязням!" створаны камітэт бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне (фота)
На форуме "Свабоду палітвязням!" створаны камітэт бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне (фота)
На форуме "Свабоду палітвязням!" створаны камітэт бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне (фота)
На форуме "Свабоду палітвязням!" створаны камітэт бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне (фота)
На форуме "Свабоду палітвязням!" створаны камітэт бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне (фота)
На форуме "Свабоду палітвязням!" створаны камітэт бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне (фота)

Болей навін