Вольга Кавалькова заклікае камісіі лічыць галасы і нагадвае пра артыкул 192 КК

10 верасня 2016 14:05  |  Палітыка

Вольга Кавалькова заклікае камісіі лічыць галасы і нагадвае пра артыкул 192 КК

9-10 верасня давераныя асобы спікера Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Дамброўскай выбарчай акрузе № 103, лідара Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольгі Кавальковай развезлі звароты кандыдата да старшыняў і сакратароў участковых камісій акругі.

У зваротах падкрэсліваецца, што без свабодных, сумленных выбараў і справядлівай канкурэнцыі ў беларускіх дзяцей няма будучыні ў Беларусі. «На працягу 20-ці гадоў вынікі выбараў у Беларусі не прызнаюцца міжнароднай супольнасцю, бо ўмовы іх правядзення не адпавядаюць агульнапрынятым стандартам. Нязменнасць улады прывяла да таго, што прызначаныя, а не абраныя дэпутаты служаць не выбаршчыкам, а таму, хто іх прызначыў. Таму сёння мы знаходзімся ў глыбокім эканамічным крызісе – расце беспрацоўе, а не нашы даходы. Крызіс ахапіў усе сферы нашага жыцця, у тым ліку адукацыя і ахова здароўя», – зазначае лідар ХДР.

Яна нагадвае, што «часцей за ўсё ахвярамі вусных незаконных указанняў становяцца выканаўцы, а не тыя, хто аддае гэтыя незаконныя загады». Між тым у адпаведнасці з арт. 192 Крымінальнага кодэкса за падробку дакументаў па выбарах альбо загадзя няправільны падлік галасоў ці іншае скажэнне вынікаў галасавання, учыненыя асобай, якая ўваходзіць у склад камісіі, прадугледжана да 5-ці гадоў пазбаўлення волі.

«Але самае галоўнае – мы з вамі нясем адказнасць перш за ўсё за будучыню нашых дзяцей і ўнукаў. Закрываючы вочы на фальсіфікацыі ці з’яўляючыся іх выканаўцамі, вы выракаеце іх на жабрацкае бяспраўнае жыццё», – падкрэсліла кандыдат.

Яна заклікае кіраўніцтва ўчастковых камісій забяспечыць назіральнікам магчымасць аглядаць падлік галасоў такім чынам, каб яны бачылі змест кожнага бюлетэня і адзнакі ў бюлетэні тых грамадзян, хто прагаласаваў; даць назіральнікам магчымасць атрымліваць любую інфармацыю, што датычыцца выбараў, а таксама фіксаваць працэс галасавання і падліку галасоў наяўнымі ў іх распараджэнні сродкамі; праўдзіва палічыць і адлюстраваць вынікі ў пратаколах.

У выпадку ціску і незаконных патрабаванняў аб правядзенні выбараў Вольга Кавалькова просіць паведаміць па тэлефоне 8029-167-34-35 або на мэйл: [email protected].

Болей навін