Слонімцы не змогуць даведацца вынікаў выбараў

17 верасня 2016 18:50  |  Палітыка

Слонімцы не змогуць даведацца вынікаў выбараў

Былы прамоўца БХД па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 Алесь Масюк звярнуўся з пісьмовай просьбай да старшыні акруговай камісіі Алены Мачалінай. У сваёй просьбе ён просіць даць яму магчымасць азнаёміцца з падрабязнымі вынікамі выбараў галасавання па кожнымм з 65 выбарчых участкаў Слонімскай выбарчай акругі № 58 (колькасць выбаршчыкаў, колькасць прыняўшых удзел у галасаванні, колькі чалавек прагаласавала датэрмінова, па месцы знаходжання і ў асноўны дзень галасавання, як размеркаваліся галасы па кожнаму з кандыдатаў).

Таксама ён просіць надрукаваць падрабязныя вынікі выбараў па кожным выбарчым участку ў мясцовых СМІ і на сайце Слонімскага райвыканкама для агульнага азнаямлення.

Алесь Масюк адказу пакуль не атрымаў. 15 верасня ён наведаў Слонімскі райвыканкам і асабіста запытаў у Алены Мачалінай, каб яна дала магчымасць азнаёміцца з падрабязнымі вынікамі выбараў галасавання па кожнымм з 65-і выбарчых ўчасткаў Слонімскай выбарчай акругі № 58. Спадарыня Мачаліна прапанавала Масюку азнаёміцца з вынікамі выбараў на яе кампутары. На просьбу экс-кандыдата даць копію вынікаў выбараў ці скінуць электронны варыянт на флэшку, быў атрыманы адмоўны адказ. Таксама яна сказала, што гэта інфармацыя нідзе не будзе друкавацца, бо яны не абавязаны яе друкаваць.

Незразумела, што тут сакрэтнага, чаму экс-кандыдат не можа атрымаць копію вынікаў выбараў, і чаму іх не хочуць публікаваць у СМІ і на сайце райвыканкама, задаецца пытаннем Алесь Масюк.

Алесь Масюк невыпадкова зацікавіўся вынікамі выбараў па кожным участку. Бо, напрыклад, вынікі па адным Тапалёвым участку для галасавання № 13 Слоніма атрымалася, што ў датэрміновым галасаванні 98% выбаршчыкаў нібыта прагаласавала за праўладную кандыдатку Алу Сопікаву (у Алеся Масюка – 1,2%). А вось у асноўны дзень і ў галасаванні па месцы знаходжання яна прайграла: у яе 17,8%, першае месца ў Алеся Масюка – 33,7%. “Гэта яскрава сведчыць, што вынікі датэрміновага галасавання былі масава фальсіфікаваны”, – заяўляе прамоўца БХД.

Болей навін