«Яны добраахвотнікі, а не наёмнікі»: у Мінску прайшла прэс-канферэнцыя бацькоў добраахвотнікаў, што ваююць ва Украіне супраць сепаратыстаў

23 верасня 2016 16:47  |  Галоўныя навіны

«Яны добраахвотнікі, а не наёмнікі»: у Мінску прайшла прэс-канферэнцыя бацькоў добраахвотнікаў, што ваююць ва Украіне супраць сепаратыстаў

У Мінску прайшла прэс-канферэнцыя бацькоў хлопцаў, што ваююць ва Украіне. У мерапрыемстве бралі ўдзел Мікалай і Алена Скобля — бацькі Аляксея Скоблі; Вольга Шаўлюкевіч, маці «Зубра» з «Азова» і Віктар Мельнікаў.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Павел Севярынец ва ўступным слове зазначыў, што ціск на гэтых бацькоў — гэта ўсё праз ціск расійскіх уладаў. Ва ўсіх бацькоў былі вобшукі, вынятая маёмасць — тэхніка. Таксама ціснуць спецслужбы на сяброў хлопцаў.

Севярынец паведаміў таксама, што «РуМОл» (Расійская моладзь) паскардзіўся ў пракуратуру на Марыну Хоміч за арганізацыю ў мінскай школе канцэрта ў памяць пра загінулага на Данбасе Алеся Чаркашына.

Віктар Мельнікаў у сваім выступе зазначыў: «Уступіць у камітэт [бацькоў добраахвотнікаў] мяне падштурхнула тое, што перакрайваецца заканадўства РБ — уводзіцца паняцце наёмніцтва і тэрарызм. Гэты артыкул супярэчыць міжнародным актам — трэба з гэтым штосьці рабіць».

Вольга Шаўлюкевіч зазначыла: «Я маці, я люблю свайго сына, адракацца ад яго не збіраюся. Мяне білі, я запалоханая, але ўсё роўна буду ісці наперад», — кажа Вольга. Вольгу Шаўлюкевіч распавядае пра выпадак, калі невядомы ўдарыў яе па галаве, калі выйшла з прыгараднай электрычкі.

«Наш сын Лёша ўспрыняў Украіну як суседа, на якога напалі. Наш сын — дарослы чалавек, я не буду каментаваць яго выбар. Да нас прыходзілі, забралі планшэт — мой планшэт. Пра нейкія наркотыкі, фальшывыя грошы казалі. Але гэта смешна — год прайшоў, усё ўжо перакладзена з месца на месца даўно. Планшэт нам не вярнулі», — зазначае яна.

Сёння быў створаны Камітэт бацькоў добраахвотнікаў, што ваююць ва Украіне (кіраўнікі — Шаўлюкевіч і Мельнікаў).

Яго мэта — абараніць бацькоў і хлопцаў, якія ваююць. Мяркуецца зрабіць спробу яго рэгістрацыі, а затым звяртацца ў палату прадстаўнікоў, аб адмене паправак у закон аб наёмніцтве, таксама з лістом у Адміністрацыю і да Лукашэнкі, а таксама да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

«Тыя, хто ваююць за Украіну — яны добраахвотнікі. Тыя, хто ваюе за ДНР/ЛНР — наёмнікі», — мяркуюць у камітэце.

Па словах Віктара Мельнікава — бацькі Яна Мельнікава, на сёння каля 120 беларусаў ваюе за Украіну, а каля 200 чалавек «за Наваросію».

Ініцыятары стварэння камітэта яшчэ не звязваліся са сваякамі, усіх добраахвотнікаў, што ваююць супраць сепаратыстаў, але плануюць сабраць звесткі пра ўсіх.

Віктар Мельнікаў кажа, каб звязваліся з ім праз сацыяльныя сеткі.

«Мы простыя людзі, у нас ёсць праца, мы можам тры гады гаварыць, але трэба пачаць дзейнічаць, каб рэабілітаваць нашых хлопцаў», — кажа ён.

Арцём Гарбацэвіч, Наша Ніва

Болей навін