Віцебскі аблвыканкам: грошаў на будаўніцтва запланаваных паліклінік і школ няма

20 кастрычніка 2016 10:37  |  Галоўныя навіны

Віцебскі аблвыканкам: грошаў на будаўніцтва запланаваных паліклінік і школ няма

Калектыўны зварот жыхароў Віцебска, які паступіў у Адміністрацыю прэзідэнта, Генеральную пракуратуру і пракуратуру Віцебскай вобласці, а таксама зварот, накіраваны на сайт аблвыканкама, разгледжаны Віцебскім аблвыканкамам.

Як паведаміў у адказ на зварот намеснік старшыні аблвыканкаму Уладзімір Белавус, у 2015 – 2016 гадах у сувязі са зніжэннем паступлення ўласных даходаў мясцовага бюджэту і скарачэннем датацыі, якая перадаецца з рэспубліканскага бюджэту ў бюджэт Віцебскай вобласці, ажыццяўлялася аптымізацыя выдаткаў бюджэту, у выніку чаго былі абмежаваныя выдаткі на капітальныя ўкладанні, перадусім тыя, якія маюць нізкую ступень гатоўнасці.

Інвестпраграма Віцебска на 2015 год першапачаткова была зацверджана ў суме 25,2 млн дэнамінаваных рублёў, але абʼёмы фінансавання неаднаразова перегледжваліся і фактычна праграма рэалізавана ў суме 10,8 млн рублёў, ці 42,9% ад першапачаткова зацверджанага абʼёму.

Фінансаванне будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Поўдзень-7А, комплекснага паліклінічнага цэнтра, дзіцячага садка і школы ў мікрараёне Білева Віцебска ажыццяўляецца за кошт сродкаў бюджэту Віцебска і абласнога бюджэту. У 2015 годзе на іх будаўніцтва накіравана 1,1 млн рублёў. З абласнога бюджэту ў 2016 годзе агульны абʼём фінансавання па ўказаных абʼектах прагназуецца ў суме склаў 0,22 млн рублёў.

У бюджэце Віцебска на фінансаванне гэтых абʼектаў у 2016 годзе прадугледжвалася 2 млн рублёў за кошт паступлення ў гарадскі бюджэт даходаў ад продажу зямельных участкаў у прыватную ўласнасць грамадзянам, продажу маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, і паступленняў платы за права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў. Фінансаванне будаўніцтва абʼектаў ажыццяўляецца па меры паступлення названых даходаў і на сёння склала 0,23 млн рублёў.

Уладзімір Белавус таксама паведаміў, што дзеля бяспекі грамадзян і захавання ў зімовы перыяд падмурку будуемай школы ў Білева выкананы работы па засыпанні катлавана. Бюджэтныя сродкі на гэта не накіроўваліся.

Пры фарміраванні бюджэту вобласці на 2017 год у Віцебскія абласны і гарадскі саветы дэпутатаў будуць унесены прапановы па выдзяленні сродкаў на будаўніцтва абʼектаў сацыяльнага прызначэння, у тым ліку і названых у звароце, гаворыцца ў адказе.

“Вось такі адказ з аблвыканкаму атрымалі мы, 1495 падпісантаў. Камітэт дзяржкантролю ўвогуле адмовіўся разглядаць зварот, Генпракуратура пераслала на аблвыканкам. Рука руку мые – інакш не ўспрымаю. 8 лістапада прызначана сустрэча ў Савеце дэпутатаў. Пытанні ўзнімем зноўку”, – адзначыла каардынатар БХД у Віцебску Таццяна Севярынец.

Болей навін