“Сафійскі сабор не абмяркоўваем!”

28 кастрычніка 2016 09:11  |  Блог Таццяны Севярынец

“Сафійскі сабор не абмяркоўваем!”

Гэта рэфрэнам гучала на грамадскім абмеркаванні генеральнага плана забудовы старажытнага Віцебску 27кастрычніка.

Больш за сто гараджан сабраліся на агляднай пляцоўцы Духоўскага кругліка (даведка: Духоўскі круглік- мастацкая рэканструкцыя вежы Ніжняга замка, музей) абмеркаваць хвалюючыя пытанні забудовы абласнога цэнтра. На пытанні віцеблян адказваў намеснік галоўнага архітэктара горада Леанід Багданаў. Ён распавёў пра забудову жыллёвых мікрараёнаў, старанна абыходзячы інфармацыю пра неабходную інфраструктуру.

Інфраструктура – балючае для віцеблян пытанне. Катастрафічна не хапае ў Віцебску медыцынскіх устаноў, дзіцячых садкоў і школ у новых мікрараёнах.

Зразумела, гэтыя пытанні загучалі і вельмі эмацыйна: і пра паліклінічны комплекс ў Білева, і пра школу, і пра дзіцячыя садкі, і пра бессаромнае знішчэнне помнікаў архітэктуры, і пра абводную дарогу праз гістарычны цэнтр, і, канешне, пра Сафійскі сабор. Большасць прысутных хвалявала менавіта пытанне пабудовы аналага Полацкай Сафіі ў парку Партызанскай славы, дзеля якой больш за 200 дрэў будуць знішчаны. Пацерпіць і экалогія горада. Па словах таго ж сп. Багданава, у Віцебску ў 2 разы не хапае зялёнай зоны на кожнага жыхара Віцебска супраць існуючай нормы.

Абурылі слухачоў адказы: “Аддзел архітэктуры не мае дачынення да пабудовы гэтых аб’ектаў, мы не шукаем і не выдзяляем на іх грошы, мы толькі праектуем.” (То так. Але хто ж адкажа?)

Як толькі гучалі пытанні пра Сафійскі сабор, адразу адмяталася-не абмяркоўваем! Палову слухачоў расчаравана пакінулі залю. Ды толькі сп. Багданаву прыйшлося даваць тлумачэнні і на гэтыя пытанні, бо засталіся самыя настойлівыя.

– Якісьці будынак грамадскага прызначэння даўно планаваўся ў гэтай частцы парку.

– Будаўніцтва сабору прыпынена з-за пратэстаў гараджан.

– Што далей будзе – не ведаю, але пра канчатковае рашэнне вы даведаецеся.

Людзі абступілі чыноўніка шчыльным колам, кожны выказваў сваю думку наконт адносін гарадской улады да горада, да яго патрэб, да меркавання жыхароў.

Уладам трэба больш прыслухоўвацца да народа, якому яны СЛУГІ.
Чыноўнікі паставяць “птушку” – абмеркаванне праведзена, толькі ці ўлічаць думкі віцеблян? Ніякага пратаколу, ні запісаў прапаноў не вялося.

Шырокі рэзананс у Віцебску выклікала распачатае будаўніцтва ў парку Партызанскай славы аналага полацкага Сафійскага сабору. Людзі збіралі подпісы пад зваротам да главы дзяржавы, да гарадскога кіраўніцтва, прасілі не знішчаць парк, размясціць будоўлю ў іншым месцы, рэстаўраваць тое, што было ў Віцебску, а не ўзводзіць аналагі таго, чаго ў Віцебску ніколі не было. Пачалося супрацьстаянне жыхароў і праваслаўнай епархіі, ініцыятара будаўніцтва Сафіі. На сустрэчы з жыхарамі 13 кастрычніка з прадстаўнікамі Віцебскага гарвыканкаму людзі патрабавалі сапраўднага грамадскага абмеркавання генплану горада, уліку іх меркаванняў.

Болей навін