Не кажы мове «Не»

28.01.2010, 21:32  |  Навіны, БХД

З пошты Рэдакцыі “Нашай нівы”. Гісторыя сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Аляксандра Леаненкі.

 

Пішу ў дзяржаўную структуру па-беларуску, а адказы прыходзяць на расійскай мове.

Вось такая сітуацыя адбылася з адным з жыхароў Бабруйскага раёна, сябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Аляксандрам Леаненкам.

 

12 кастрычніка, — кажа ён, — я стаяў у Бабруйску на прыпынку і чакаў аўтобус № 13. Калі ён прыехаў, то памяняў шыльду з нумарам на 13-А. Аднак аўтобус паехаў па маршруце № 13. Я звярнуўся ў бабруйскі аўтобусны парк №2. Мой ліст быў напісаны па-беларуску, а адказ прыйшоў на расійскай мове. Там было напісана, што меры будуць прынятыя.

 

Праз два месяцы гісторыя паўтарылася. У гэты раз ужо жонка спадара Аляксандра села на аўтобус, які змяніў маршрут. Сам спадар Аляксандр чакаў у гэты час жонку разам з сынам на апошнім прыпынку.

 

Тады спадар Леаненка другі раз звярнуўся ў аўтапарк і настойліва папрасіў адказаць яму па-беларуску. Адказ прыйшоў зноўку на расійскай мове. У ім было сказана, што ў адпаведнасці з Канстытуцый дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца расійская і беларуская. Прыярытэту Канстытуцыяй не вызначана. Асноўная перапіска з аўтапаркам ажыццяўляецца на расійскай мове. «Але гэта не значыць, што беларускую мову мы не лічам сваёю роднаю моваю», — падсумоўвае дырэктар аўтапарка №2 спадар Стэльмак.

 

Згодна з артыкулам № 5 закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» «адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на беларускай, расійскай мовах са спасылкай на няведанне мовы звароту» цягне за сабою адказнасць

 

згодна з дзеючым заканадаўствам. А Закон «Аб мовах» у артыкуле 4 абавязвае кожную службовую асобу «валодаць беларускай і расійскай мовай у аб’ёме, неабходным для выканання службовых абавязкаў». А ці не ёсць адказ на зварот такім службовым абавязкам?

 

Крыніца: "Наша ніва"

Навіны па тэме