Віцебскія актывісты сустрэліся са старшынёй гарадскога Савета дэпутатаў

11.11.2016, 09:04  |  Навіны » Грамадства

Віцебскія актывісты сустрэліся са старшынёй гарадскога Савета дэпутатаў
У Віцебскім гарадскім Савеце дэпутатаў адбылася сустрэча старшыні гарсавета Уладзіміра Бялевіча з хрысціянскімі дэмакратамі, грамадскімі актывістамі ініцыятывы “За якасную медыцыну для усіх” і “Віцебск – горад наш”.

Віцябляне меркавалі атрымаць дакладныя адказы на пытанні наконт будаўніцтва ў мікрараёне Білева школы, дзіцячага садка, паліклінікі ці амбулаторыі, а таксама паліклінікі на Поўдні 7, і ці будуць гэтыя аб’екты ўключаны ў план горада на 2017 год.

Акрамя гэтага, было зададзена шмат іншых набалелых пытанняў:

- дзе абяцаныя веладарожкі на вуліцах Віцебска? Да гэтай пары адсутнічае безбар’ернае асяроддзе, бардзюры ў некалькі разоў вышэй за нормы. Хаця прадстаўнікі ўлады абяцалі, што ў 2015 годзе з’явяцца веладарожкі на праспектах Будаўнікоў, Маскоўскім, Чарняхоўскага, Фрунзе, на Смаленскай вуліцы.

- аб гукавой рэкламе ў грамадскім транспарце: пасажыры выказваюць незадаволенасць, а медыкі лічаць, што гэта своеасаблівае псіхалагічнае ўздзеянне на чалавека.

- наконт будаўніцтва “Віцебскай сіліконавай даліны – парка інфармацыйных і інавацыйных тэхналогій”: колькі сродкаў на гэта неабходна? хто будзе фінансаваць праект? калі плануюць атрымаць прыбытак?

Грамадскія актывісты выказалі прапанову, каб у Віцебску пачалася праца па ўзнаўленню гістарычных назваў вуліц і на шыльдах былі пазначаны дзве назвы: старажытная і сучасная (каб лягчэй было прызвычаіцца) і на дзвюх мовах: беларускай і рускай.

Падчас сустрэч з кіраўнікамі галіны аховы здароўя ў гар- і аблвыканкаме ўжо неаднаразова ўздымалася пытанне, калі ў Віцебску ў грамадскіх прыбіральнях будуць створаны умовы, якія б адпавядалі санітарным нормам: каб была папера, вадкае мыла, сушылкі для рук і адсутнічаў спецыфічны пах.

На сённяшні дзень у прыбіральнях віцебскіх школ, паліклінік, у бальніцах адсутнічаюць элементарныя сродкі гігіены. Таму гэта пытанне зноў прагучала ў гарсавеце.

Старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч паабяцаў адказы на ўсе пытанні даслаць пісьмова.

Vitebskby.com

Навіны па тэме