Севярынца аштрафавалі на 35 базавых за “Сцяг Хрыста”

11 лістапада 2016 13:06  |  Галоўныя навіны

Севярынца аштрафавалі на 35 базавых за “Сцяг Хрыста”

Суд Савецкага раёна Мінска аштрафаваў сустаршыню БХД Паўла Севярынца на 35 базавых велічыняў (735 рублёў) за збор подпісаў у пераходзе станцыі метро “Кастрычніцкая” 22 верасня.

“Парушэнне” выразілася ў тым, што палітык і пісьменнік стаяў на фоне плаката “Бел-чырвона-белы. Сцяг Хрыста. Наш сцяг” і “ажыццяўляў збор подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці”.

Гэта ўжо другі штраф за сцяг для Паўла Севярынца за апошні тыдзень. 4 лістапада Першамайскі суд Менску аштрафаваў Севярынца на 50 базавых велічыняў (1050 рублёў) за ўдзел у акцыі “Дзень нацыянальнага сцяга” 19 верасня на Кастрычніцкай плошчы.

– Бел-чырвона-беламу сцягу ўжо 2 тысячы гадоў, – кажа Павел Севярынец. – Скрываўленае цела ўкрыжаванага Ісуса Хрыста загарнулі ў белую палатніну і пахавалі – і менавіта гэты сімвал стаў знакам Божай перамогі над смерцю, калі Хрыстос уваскрос. Паглядзіце на абразы ўваскрасення ці на вопратку царкоўных іерархаў. Гэта нацыянальны сцяг для пакаленняў беларусаў. Пераследваць людзей за бел-чырвона-белы сцяг – гэта значыць пляваць у аблічча Бога. Тое, што тварыцца ў душах гэтых міліцыянтаў, пракурораў і суддзяў – страшна. Расплочвацца будзем не мы – расплочвацца будуць яны.

Болей навін