Рымашэўскі: прызначэнне Карпенкі – яшчэ адзін крок назад у СССР

16 снежня 2016 08:11  |  Галоўныя навіны

Рымашэўскі: прызначэнне Карпенкі – яшчэ адзін крок назад у СССР

Самая галоўная праблема беларускай сістэмы адукацыі – гэта яе саветызацыя. Пра гэта заявіў у каментары Krynica.info сустаршыня аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, каментуючы прызначэнне міністрам адукацыі першага сакратара ЦК КПБ Ігара Карпенкі.

“Беларусь больш за 20 гадоў з’яўляецца незалежнай краінай, але антыдзяржаўныя і антыцаркоўныя ўстаноўкі, якія былі закладзеныя як аснова савецкай адукацыі, застаюцца ў краіне, разбураюць ментальнасць маладых беларусаў і нясуць пагрозу нацыянальным каштоўнасцям”, — адзначыў ён.

У гэтым кантэксце, на яго думку, прызначэнне галоўнага камуніста міністрам адукацыі “яшчэ больш замацоўвае гэтую дэструктыўную камуністычную скіраванасць беларускай сістэмы адукацыі”. “Можна толькі ўявіць, якія дзеянні будзе прадпрымаць на пасадзе кіраўніка міністэрства адукацыі чалавек, які адкрывае помніку Леніну (Ігар Карпенка 7 лістапада ўдзельнічаў у адкрыцці помніку Леніну ў Менску – Krynica.info), які лічыць камуністычныя ідэі сваім ідэалам і ўхваляе метады, якія ўжывала Камуністычная партыя ў мінулым: вынішчэнне Царквы, масавыя забойствы, злачынствы супраць беларускага народу”, — сказаў сустаршыня БХД, назваўшы прызначэнне Карпенкі яшчэ адным крокам назад у СССР.

Болей навін