Анатоль Астапенка прэзентаваў свае новыя кнігі

02 студзеня 2017 16:35  |  Грамадства

Анатоль Астапенка прэзентаваў свае новыя кнігі

22 снежня ў культурніцкай прасторы «Тартак» пісьменнік і грамадскі дзеяч, сябар Нацыянальнай рады БХД Анатоль Астапенка прэзентаваў кнігі «Міхась Стральцоў. Гросмайстар беларускага слова» і «Ларыса Геніюш. Сумленне і гонар нацыі», выдадзеныя ў серыі «100 выдатных дзеячаў».

Мадэратарам прэзентацыі быў навуковы супрацоўнік музея Янкі Купалы Павел Каралёў. Першым выступоўцам быў сам аўтар кніжак Анатоль Астапенка. Ён расказаў пра гісторыю напісання кніг. У прыватнасці, ён распавёў, што ў вопісе Міхася Стральцова, які знаходзіцца ў архіве літаратуры і мастацтва на плошчы Свабода, яму ўдалося знайсці апошні верш Міхася Стральцова ў запісных кніжках пісьменніка. Гэты верш яшчэ нідзе не друкаваўся. А.Астапенка расказаў таксама пра гісторыю свайго знаёмства з вялікім пісьменнікам у тыя даўнія савецкія часы, калі ён яшчэ быў нікому не вядомым. У другой палове свайго выступу аўтар распавёў пра складанасці, якія прыйшлося яму пераадолець, каб атрымаць доступ да архіва Ларысы Геніюш, які знаходзіцца ў аддзеле рэдкай кнігі Акадэміі навук РБ.

Анатоль Тарас – заснавальнік серыі “100 выдатных дзеячоў” – распавёў пра тое, што ўжо выйшла ў свет дзве траціны з запланаваных 100 кніг, і асобна адзначыў Анатоля Астапенку, які напісаў для серыі ўжо 4 кніжкі (акрамя згаданых, гэта “Мікола Ермаловіч. Чалавек які вярнуў годнасць народу” і “Мікалай Крукоўскі. Бляск і трагедыя філосафа”).

Трэці выступоўца – дацэнт філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук, крытык Міхась Кенька, які быў рэдактарам кнігі пра Міхася Стральцова, распавёў пра сваё асабістае знаёмства са Стральцовым у рэдакцыі часопіса “Нёман”, куды часта прыходзіў пісьменнік. Менавіта ў гэтай установе Міхась Стральцоў працаваў у апошнія гады жыцця.

У абмеркаванні прадстаўленых кніг прынялі таксама ўдзел вядомая беларуская паэтка Галіна Каржанеўская, літаратуразнаўца і паэт Юрась Пацюпа, паэт Яўген Гучок.

Выступы літаратараў ішлі ўперамежку з музычнымі падарункамі бардаў Алеся Камоцкага і Маргарыты Тарасавай, а таксама паэта і барда Анатоля Кудласевіча.

Болей навін