Нашы каштоўнасці. Чалавек

06 студзеня 2017 12:46  |  Галоўныя навіны

Нашы каштоўнасці. Чалавек

Мы вызнаем, што чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае. Разам з тым грэх, які ўвайшоў у чалавеччу прыроду, не дае магчымасці для самавыпраўлення – і, як хрысціянскія дэмакраты, мы бачым адказ на ўсе пытанні чалавечага існавання ў Богачалавеку Ісусе Хрысце.

Разуменне аднаго чалавека абмяжоўвае магчымасць дзеяння для іншага. Усякае чалавечае разуменне недасканалае, таму ніхто не можа навязваць свае погляды іншаму. Правы і свабоды кожнага чалавека на ўладкаванне свайго ўласнага жыцця абмяжоўваюць нашы магчымасці па ўладкаванні Беларусі. Гэта адзінае абмежаванне мы лічым праўдзівым і справядлівым. Тое, што гэта абмежаванне адзінае, але непарушнае, мы лічым дабром.

Хрысціянская дэмакратыя засноўваецца на ідэі персаналізму, які прызнае асобу першаснай творчай рэчаіснасцю і вышэйшай духоўнай каштоўнасцю.

Чалавек створаны як мужчына і жанчына. У першую чаргу гэта азначае, што чалавек ад стварэння мае характар грамадскі, можа рэалізавацца толькі ў лучнасці з грамадствам. Сувязі будуюцца, беручы пад увагу як індвідуальныя, так і сацыяльныя патрэбы чалавека. Грамадскія сувязі накладаюць адпаведную адказнасць на асобу згодна з прынцыпам салідарнасці ды ў свядомасці супольнага дабра.

Чалавек мае індывідуалістычную, сацыяльную і духоўную прыроду. Хрысціянская дэмакратыя разглядае чалавека як асобу, якая спалучае гэтыя тры аспекты чалавечай прыроды. Усялякая аднабаковасць і спроба абсалютызаваць адзін аспект чалавечай прыроды за кошт іншых вядзе да памылковых рашэнняў і негатыўных наступстваў. Чалавек не з’яўляецца поўнасцю аўтаномным і ізаляваваным, таксама як і не з’яўляецца механічным складнікам калектыву, другасным у параўнанні з калектывам. Хрысціянская дэмакратыя ўяўляе чалавека як асобу, надзеленую годнасцю, з індывідуалістычнымі памкненнямі, якая рэалізуе сябе ў зносінах і супрацоўніцтве з іншымі людзьмі і мае патрэбу ў духоўным быцці, як неад’емнай сутнасці чалавечага жыцця.

З Праграмы БХД, прынятай 13 чэрвеня 2015 года.

Болей навін