Гарадзенскі суд апраўдаў Сяргея Верамеенку

13.01.2017, 13:18  |  Навіны » Палітыка

Гарадзенскі суд апраўдаў Сяргея Верамеенку
Справядлівае рашэнне адносна Сяргея Верамеенкі вынесла суддзя Ленінскага раёна Гародні Наталля Козел. Рашэнне суда: спыніць працэс за адсутнасцю адміністрацыйнага правапарушэння.

Сяргея Верамеенку, актывіста Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, вінавацілі ў непадпарадкаванні законным дзеянням службовай асобы, паводле артыкула 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Пра палітычны бок вынясення рашэння кажа Сяргей Верамеенка:

—Я думаю рашэнне суда абсалютна заканамернае, бо калі б і гэтым разам яны прынялі рашэнне супраць мяне, гэта быў бы абсурд на мяжы смеху. Пратакол складзены нядбайна, судовы выканаўца парушыў усё, што толькі можна, сведкі сведчылі кожны па-іншаму, таму відавочна, што справа проста развалілася. Гэтае рашэнне навеянае часам: цяпер нельга сварыцца.

Сам працэс паказаў, што судовы выканаўца Яўген Панькоў, які выступаў пацярпелым у працэсе, супярэчыў сам сабе. Гэтак, калі ў першы дзень суда, ён казаў, што не ведаў нумара Сяргея Верамеенкі і не мог яму паведаміць пра яго доўг выплаты штрафу словамі, то ў апошні дзень сцвярджаў, што тэлефанаваў яму тройчы.

Кажа прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Раман Юргель, які прысутнічаў у зале пасяджэнняў суда.

— Шмат людзей сталі абскарджваць несправядлівыя судовыя рашэнні ў Камітэт пра правах чалавека ААН, змагацца за свае правы і даваць вельмі вялікі розгалас несправядлівым рашэнням менавіта па такіх адміністрацыйных справах супраць актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў. І гэта стала больш пераканаўчым для суддзяў і ўладаў Беларусі, каб не выносіць такіх абсурдных судовых рашэнняў і не рабіць больш такіх прэцэдэнтаў. Нават калі гэта палітычнае рашэнне, то прынамсі яно супала са справядлівым, мяркуе праваабаронца.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Навіны па тэме