Гарадзенскія актывісты патрабуюць патлумачыць, адкуль узялася сума падатку на “дармаедаў”

22.01.2017, 15:29  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Гарадзенскія актывісты патрабуюць патлумачыць, адкуль узялася сума падатку на “дармаедаў”
Гарадзенскія актывісты 19 студзеня наведалі Кастрычніцкую раённую падатковую інспекцыю Гародні, каб пачуць адказы на ўзніклыя пытанні з нагоды падатку на “дармаедаў”, але адказаў на іх так і не атрымалі. У выніку была напісана заява на імя начальніка Інспекцыі мясцовых падаткаў і збораў з просьбай адказаць на пытанні, паведаміў каардынатар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Гародні Сяргей Верамеенка.

У прыватнасці, актывістаў цікавіць, па якой шкале налічваецца падатак на нулявы даход - колькі адсоткаў падатку трэба ўзяць з даходу, роўнаму нулю, каб атрымалася запатрабаваная падатковай інспекцыяй сума ў 360 рублёў?

Таксама актывісты просяць адказаць, з чаго складаецца сума ў 360 рублёў, і прадставіць калькуляцыю налічанага збору - якімі паслугамі яны карысталіся і якія канкрэтныя выдаткі з боку дзяржавы мелі месца, што сума склала менавіта 360 рублёў.

Паводле Сяргея Верамеенкі, заяву прынялі з вялікай складанасцю, бо ў канцылярыі яшчэ не паспелі зарэгістраваць учорашнія падобныя заявы, якіх толькі ў Кастрычніцкую падатковую Гародні было аднесена каля 80 штук.

“Людзі, якія прыходзілі на прыём страшна абураліся "абдзіралаўкай з нічога": казалі, што і так сплачваюць падаткі, купляючы ад дзяржавы тавары і паслугі. Скардзіліся на адсутнасць хоць якой прыстойна аплачваемай працы. Адна з падатковых інспектарак запыталася: "А як гэта вы і не працавалі, і мелі за што жыць?", на што атрымала адказ жанчыны: "Вось вас скароцяць, тады вы таксама даведаецеся, як гэта". Уладальнікі “лістоў шчасця не супраць адстойваць свае інтарэсы ў тым ліку і на вуліцы, "бо дапякло ўжо!"” – адзначыў актывіст.

Пры гэтым ён нагадаў, што дзяржава патрабуе выплаты падатку, нават калі індывідуальныя прадпрымальнікі ўжо заплацілі за 2015 год у ФСЗН 9 млн рублёў.

Навіны па тэме