У Гародні перашкаджаюць збіраць подпісы супраць дэкрэту пра “дармаедаў”

06 лютага 2017 08:46  |  Галоўныя навіны

У Гародні перашкаджаюць збіраць подпісы супраць дэкрэту пра “дармаедаў”

Падчас збору подпісаў супраць прэзідэнцкага дэкрэта №3 аб так званых дармаедах на Паўднёвым рынку Гародні да старшыні гарадзенскай абласной суполкі Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Міколы Баўсюка падышлі ахоўнікі закрытага акцыянернага таварыства “Гродноторгсервіс” і забаранілі збіраць подпісы на тэрыторыі Паўднёвага рынку.

На гэта Мікола Баўсюк заўважыў, што гэта яго канстытуцыйнае права і, згодна закону Рэспублікі Беларусь аб звароце і юрыдычных асоб, ён можа збіраць подпісы дзе заўгодна. Але аргументы актывіста не пераканалі супрацоўнікаў аховы Паўднёвага рынку, і яны пачалі пагражаць тым, што выклічуць міліцыю.

За гэтай сітуацыяй назіралі наведвальнікі рынка, гандляры і самі падпісанты, якія заступіліся за актывіста, пасля чаго ахоўнікі пакінулі Міколу Баўсюка у спакоі, і ён зноў працягнуў збор подпісаў, які ў гэты дзень быў даволі паспяховы.

Актывіст здолеў сабраць больш за 200 подпісаў. Гэта сведчыць аб тым, што кампанія супраць прэзідэнцкага дэкрэта №3 набірае абароты і людзі усё больш актыўна пачынаюць выказваць свой пратэст супраць антыканстытуцыйных дзеянняў улады.

Эдвард Дмухоўскі, Гарадзенская Вясна

Болей навін