МХД збірае экспертаў і прапановы на круглы стол па адукацыі

07 лютага 2017 11:26  |  Галоўныя навіны

МХД збірае экспертаў і прапановы на круглы стол па адукацыі

Маладыя хрысціянскія дэмакраты 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы правядуць круглы стол па абмеркаванні прапаноў грамадства па зменах Кодэксу аб адукацыі Беларусі. МХД заклікае экспертную супольнасць, выкладчыкаў, студэнтаў і іх бацькоў выказваць свае прапановы па магчымых зменах.

“З таго, што агучылі беларускія чыноўнікі, відавочна, што змены ў Кодэкс аб адукацыі рыхтуюцца пад лозунгам назад у СССР. Наша адукацыя і так не адпавядае еўрапейскім стандартам, а вяртанне да савецкіх практык адкладзе перспектывы рэальных рэформаў яшчэ на доўгія гады”, – адзначыла лідар МХД Марына Хоміч.

Яна нагадала, што летась увосень быў створаны бацькоўскі камітэт, да працы якога далучыліся дзясяткі людзей з усёй Беларусі, дзеці якіх атрымліваюць адукацыю. “Мэта гэтага камітэту – паўплываць на сістэму адукацыі так, каб яна была накіраваная на дзяцей, а не чыноўнікаў і ідэолагаў. А сёлета 21 лютага мы рыхтуем круглы стол, збіраем экспертныя меркаванні і вывучаем міжнародны досвед, каб пачаць кампанію за паляпшэнне сістэмы адукацыі”, – падкрэсліла Марына Хоміч.

Болей навін