Севярынец: Расеі з беларускім народам давядзецца складаней, чым з Лукашэнкам

08 лютага 2017 07:47  |  Палітыка

Севярынец: Расеі з беларускім народам давядзецца складаней, чым з Лукашэнкам

Канешне, Расея хацела б зрабіць Беларусь больш кіруемай, проста часткай сваёй імперыі, – кажа сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, каментуючы сітуацыю далейшага пагаршэння адносінаў кіраўніцтва Беларусі і Расеі. Па словах беларускага палітыка, да нейкага часу Аляксандр Лукашэнка цалкам задавальняў Расею. Зараз намеціліся складанасці, але ў асноўным ён працягвае яе задавальняць, – таму што, нягледзячы на ўсю рыторыку, працягваюцца і вайсковае супрацоўніцтва, і абарона расейскіх інтарэсаў, і дамінаванне расейскай мовы. Каардынальных крокаў, каб пазбавіцца ад расейскага ўплыву, не зроблена.

– Самае галоўнае, што Лукашэнка дагэтуль не зрабіў – ён не даў свабоду беларускаму народу – размаўляць па-беларуску, адстойваць свае інтарэсы, выбіраць сабе ўладу. Таму ў гэтай сітуацыі ён абараняе сябе, ён хоча выгандляваць у Расеі прэферэнцыі і як мага больш доўгае перабыванне ва ўладзе. Разважаць у катэгорыях, што Лукашэнка абараняе разам са сваёй уладай незалежнасць, я б не стаў, бо фактычна рычагі незалежнасці Лукашэнкам ўжо здадзены.

Вельмі многія з сістэмы, якая створана самім Аляксандрам Лукашэнкам, – з войску, міліцыі, спецслужбаў, настроены прарасійскі і пракрамлёўскі. Гэта ні для каго не сакрэт, – лічыць Павел Севярынец. І ў сітуацыі, калі Уладзімір Пуцін вырашыць пазбавіцца ад Аляксандра Лукашэнкі, справы апошняга будуць кепскія і праблема будзе вырашана за дні. А вось з беларускім народам Расеі давядзецца складаней. Як бы не здавалася, што тут слабая грамадзянская супольнасць, людзі, гатовыя абараняць Беларусь, ёсць. І надзея ў першую чаргу на іх, – падкрэсліў Павел Севярынец.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Болей навін