Што б перавыхавала віцебскія ўлады?

11 лютага 2017 15:08  |  Блог Таццяны Севярынец

Што б перавыхавала віцебскія ўлады?

Ой, што здарылася, што здарылася?! – падумала я, падбягаючы да свайго аб’екту праверкі (паліклінікі на Поўдні-7, што перманентна будуецца ўжо 7 гадоў). Нагнана-та сілушкі!

Перад крамай “Грын”, за якой будуецца паліклініка, капошацца людзі ў аранжавых кашулях, гурчаць самасвалы, прымаючы з экскаватару брудныя гурбы снегу, бегаюць па вуліцы Воінаў-інтэрнацыялістаў мужычкі з шуфлямі, раскідваючы па дарожках пясок з соллю.

Не прывыкшы да такога відовішча ў кутку Віцебска, дзе жыву, цікаўлюся, з якой нагоды такая мітусня. Кажа адзін: “Дык загадалі прыбраць да 15 лютага. Ускладанне вянкоў будзе. Вы б бачылі, што на Сенненскай робіцца! Расчысцілі дарогу да могілак, ды ўсё на дарожкі, а як ісці? То ўжо параскідалі тыя гурбы на зялёную зону. Ат, зноўку пыл у вочы пускаюць!”

(Штогод у Віцебску праходзіць ускладанне кветак да помніка воінам-інтэрнацыяналістам, пахаваным на могілках у прыватным сектары на вуліцы Сенненскай. 15 лютага- дзень вываду савецкіх войск з Афганістану, а менавіта Віцебская паветрана-дэсантная дывізія была першай з адпраўленых туды, а груз -200 у Віцебск прыбываў у 1970-1980 гадах часцей за ўсё).

“Ай, ды не, нейкая цётка паскардзілася, што ў Віцебску снег дрэнна прыбіраюць, дык ужо ўсіх паслалі! А што мы можам? Нас усяго 20 чалавек. А прыбіраць трэба ад абласной бальніцы аж да рачнога порту! Гэткая наша задача ад Віцдармосту”.

“Прабачце, мужыкі, але цётка, што патрабавала ад гарвыканкама навесці парадак на дарогах, гэта я. А і задачка ў вас! Цікава, а начальнічкі самі спрабавалі ТАКУЮ тэрыторыю прыбраць? Начальнічкаў-та не 20! Значна больш”. Мужыкі смяюцца, жартуюць.

Бягу я далей ды думаю: віцебская ўлада, як разбэшчаныя дзеці. Пакуль не ткнеш носам, нічога не бачаць: ні бруду, ні зламаных прыступак, ні нязручных пандусаў, ні чэргаў у паліклінікі, забываюцца лёгка на свае абяцанні. Затое як аб сабе, любімых, клапоцяцца! Куханькі, заможныя машыны, рамонты дзвярэй, ілюмінацыя, елка на 40 метраў, новыя сайты…

Што б іх перавыхавала?

Таццяна Севярынец

Болей навін