Запрашаем у Гародню на экскурсію і канцэрт да 100-годдзя БХД

14.02.2017, 14:20  |  Галоўныя навіны, Грамадства

Запрашаем у Гародню на экскурсію і канцэрт да 100-годдзя БХД
Запрашаем сяброў і прыхільнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі далучыцца да вандроўкі “Гародня хадэцкая”, якая адбудзецца ў суботу 18 лютага і будзе прысвечаная 100-годдзю БХД.

18 лютага адзначаецца таксама 130 год з дня нараджэння ў Гародні ксяндза Уладзіслава Талочкі (псеўданім Дрыгавіч) – беларускага рэлігійнага і культурна-асветніцкага дзеяча, гісторыка, літаратурнага крытыка, “міністра замежных справаў” БХД.

Вандроўку будуць весці вядомы пісьменнік і палітык Павал Севярынец, а па Гародні правядзе мясцовы гарадзенскі гісторык. У межах вандроўкі вы даведаецеся не толькі пра архітэктурныя і гістарычныя адметнасці старадаўняга, каралеўскага горада, але і пра гісторыю і асобаў БХД.

У межах вандроўкі ў Гародні адбудзецца культурна-асветніцкая вечарына і выступ музычнага гурта Ляўданс!

Унёскі на вандроўку - 35 рублёў, сябрам аргкамітэту БХД - 25 рублёў.

Запіс і ўся дадатковая інфармацыя пра экскурсію - па тэлефоне +375255458430, +375291342804 (Валерыя).

Нагадваем, у траўні 1917 года ў Менску прайшоў З’езд беларускага каталіцкага духавенства, які запачаткаваў Беларускую Хрысціянска-Дэмакратычную Злучнасць, улетку пачалося стварэнне хрысціянска-дэмакратычных гурткоў па ўсёй Беларусі, увосені таго ж году была заснаваная партыйная газета “Крыніца”.

БХД сталася найбуйнейшай беларускай партыяй, якая адстойвала ідэалы незалежнасці Беларусі на хрысціянска-дэмакратычных прынцыпах. У Заходняй Беларусі БХД адзіная захоўвала вернасць ідэалам БНР паміж бальшавізмам, прамаскоўскім сацыялістычным рухам, нацызмам і уціскам тагачасных уладаў.

Большасць заснавальнікаў БХД ахвяравала сваімі жыццямі: шмат хто быў расстраляны нацыстамі, безліч дзеячоў БХД закатаваныя ў бальшавіцкім ГУЛАГу.

Каб не забывацца, што ідэя БХД асвечаная крывёй гэтых адданых людзей, у 2017 годзе праводзіцца шырокае адзначэнне 100-годдзя БХД. Падрыхтаваныя да друку кнігі “БХД: 1917-2017” і “100 асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі”, адбываецца ушанаванне памяці асноўных дзеячоў хрысціянска-дэмакратычнага руху, праводзяцца вечарыны і канферэнцыі, арганізоўваюцца экскурсіі і вандроўкі па памятных мясцінах БХД і інш.

Навіны па тэме